Дзіцячая Батлейка ў Мёрах
Пастаноўка Батлейкі – гэта старадаўняя хрысціянская традыцыя ў Беларусі. Многія з нас не ўяўляюць сабе сучаснага жыцця без інтэрнэту, тэлебачання ці кіно. Мы прывыклі да дасягненняў навукі і з прыемнасцю карыстаемся новымі тэхналогіямі. Аднак, часам варта звярнуць увагу на тое, як весяліліся і як святкавалі Божае Нараджэнне нашыя продкі. Цудоўны спосаб адпачнуць на Каляды – гэта паглядзець Батлейку.
Найбольш цікава, вядома, самым удзельнікам спектакля або бацькам, чые дзеці выступаюць у ролі маленькіх актораў. Але і мінаковы глядач не выйдзе з залы расчараваны.
У Мёрах дзеткі з парафіі паказалі гледачам сапраўдны тэатр. У мясцовым Доме Культуры яны распавялі гісторыю Нараджэння Божага Сына. Адметна тое, што сцэнарый быў напісаны ў Мёрах. Гэтаксама, як і прыгожыя касцюмы – таксама аўтарства мясцовай парафіянкі сп-ні Марыны Баговіч. Рэжысёр, якая паставіла з дзеткамі Батлейку – сп-ня Наталля Гаркоўская.
Дзейства адбывалася сярод розных раслін: кветак і грыбоў. Маленькія акторы добра ўвайшлі ў роль Ветрыка і прадстаўнікоў жывёльнага свету: Ваўка, Сабачкі і Авечкі. Якая Батлейка без чарцяня? І гэты герой прысутнічаў на сцэне, паказваючы ў смешнай форме свае адмоўныя якасці: то псуючы скрыпку Гноміку, то проста, падманваючы.
Дыялогі герояў былі багата аздоблены калядкамі, якія, дарэчы, выконваліся пад жывое музычнае суправаджэнне мёрскай моладзі. Усе гледачы захапіліся сольным выкананнем калядкі дзяўчынкай, якая выступала ў ролі Найсвяцейшай Марыі Панны.
Падчас спектакля з залы часта чуўся смех дзяцей і дарослых: так натуральна акторы на сцэне выконвалі свае ролі. Пасля заканчэння Батлейкі выступоўцы былі ўзнагароджаны шчодрымі апладысментамі. Пробашч парафіі кс. Кшыштаф Мянкіна пачаставаў усіх дзетак-актораў салодкімі падарункамі.