У Віцебскім заапарку з’явіўся новы жыхар, ды не абы-які — адзін з сімвалаў Беларусі. 29 снежня ў Віцебск прывезлі сямімесячнае зубраня, якое набылі ў Магілёўскім заасадзе на ахвяраванні гараджанаў.
Пушчанскі волат, які пасяліўся ў Віцебску, пакуль не мае імя. Дырэктарка заапарку Ірына Арлова мяркуе, што мянушку могуць падказаць паводзіны жывёлы, або яе прыдумаюць наведнікі.
Зубраня змясцілі ў вальер плошчай 400 кв. м у старым заапарку. У Білева, пакуль там не з’явіцца належных пабудоў і абсталявання, жывёлы пераязджаць не будуць.
У прыродзе цяля зубра не пакідае маці на працягу двух гадоў, хаця пасля першага года ўжо корміцца самастойна. Першую раслінную ежу зубраня пачынае ўжываць ва ўзросце трох тыдняў. Палавой спеласці зубры дасягаюць праз шэсць гадоў.