Тры дні ў Віцебску будзе гучаць духоўная музыка

У драмтэатры імя Я.Коласа 7 студзеня, на Божае Нараджэнне па календары праваслаўнай канфесіі, у дзевятнаццаты раз пройдзе традыцыйнае свята духоўнай музыкі. Гэтае свята, дарэчы, адно з самых любімых у віцяблян. І яно толькі на год маладзей, чым знакаміты фестываль “Славянскі базар”.

Сёлета перад слухачамі выступяць: народны гарадскі моладзевы хор пад кіраўніцтвам Віталя і Аляксандра Раўза, народны камерны хор Цэнтра культуры “Віцебск”, мужчынскі хор «Акцыёз», акадэмічны хор і хор фартэпіяннага аддзялення музычнага каледжа імя І.І. Салярцінскага, хор Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, народны хор ветэранаў «Надзея» з Віцебскага дома-інтэрната састарэлых і інвалідаў, царкоўныя хоры Віцебскай епархіі.

Прыедуць таксама калектывы з Ушачаў, аграгарадка Астроўна. Аматары духоўнай музыкі пачуюць і сольныя спевы – на сцэну выйдуць маладыя музыкі Арсеній Садыкаў, Кацярына Крыўко, Яна Русакова. Пачатак канцэрта – у 15.00.

Дарэчы, Арсенія Садыкава – музыканта з Полоцка, можна будзе пачуць і напярэдадні Раства Хрыстова. Ягоны сольны фартэпіянны канцэрт адбудзецца 6 студзеня ў Музычнай гасцёўні. Пачатак а 14-й.

8 студзеня на канцэрт запрашаюць у царкву Пераўтварэння Гасподняга (ніжні храм Свята-Успенскага кафедральнага сабора). Тут у 14.00 пачнецца сумесны канцэрт духоўнай музыкі народнага гарадскога моладзевага хору (кіраўнікі Віталь і Аляксандр Раўза) і хору «Даўгава» (кіраўнік Яўген Усцянкоў) Цэнтра латышскай культуры горада Даўгаўпілса (Латвія).

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ