Крымінальную справу віцебскага актывіста і сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі перадалі ў суд Першамайскага раёна Віцебска, пра гэта паведаміла “Народным навінам Віцебска” яго жонка Алена. Спадар Каваленка працягвае заставацца пад вартай.
Абаронца апазіцыянера атрымаў ад пракуратуры адмовы на хадайніцтвы аб спыненні крымінальнай справы ці вызваленні зняволенага пад заклад. Гэткія адмовы, але ўжо ад следчага камітэта, атрымалі родныя Сяргея Каваленкі.
Па словах Алены Каваленка, адвакат распавёў, што яе муж выглядае дужа змучаным з-за галадоўкі, якая цягнецца з 19 снежня, таму разгляд справы можа пачацца досыць хутка, але не раней чым праз два тыдні. У той жа час перавод галадоўніка ў шпіталь следчы і кіраўніцтва СІЗА лічуць немэтазгодным.
Сяргей Каваленка абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбыцця пакараньня — так званай «хатняй хіміі» — якое ён атрымаў за вывешванне 7 студзеня 2010 года бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска.