Над Віцебскам вывесілі бел-чырвона-белы сцяг у знак салідарнасці з Каваленкам
8 лютага каля сямі гадзін раніцы ў Віцебску на асвятляльнай вежы над чыгуначнымі пуцямі недалёка ад Полацкага кірмаша быў вывешаны нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
Па тэлефоне з рэдакцыяй “Народных навін Віцебска” звязаўся актывіст Тарас Сурган і заявіў, што гэтая акцыя здзейсненая ім разам з братам Алегам у знак салідарнасці са зняволеным Сяргеем Каваленкам і ўсімі палітвязнямі Беларусі.
На вежы ў святле пражэктара сцяг правісеў амаль да 8 гадзін, пасля чаго яго знялі людзі ў цывільным.
Нагадаем, што Сяргей Каваленка знаходзіцца ў СІЗА і трымае галадоўку, якая цягнецца ад 19 снежня 2011 года. Ён абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбыцця пакарання — так званай «хатняй хіміі», — якое атрымаў за вывешванне 7 студзеня 2010 года бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска.