Народные новости Витебска

Суд над Каваленкам. Дзень першы: мошчы ў клетцы

Суд Першамайскага раёна Віцебска такога яшчэ дакладна не бачыў – жывыя чалавечыя мошчы за рашоткай у “клетцы”. Калі віцебскі актывіст КХП – БНФ Сяргей Каваленка на судовым пасяджанні зняў швэдар і паказаў аголены торс, прысутныя ахнулі ад жаху. “Дык гэта ж Асвенцым ці Дахаў!” – выгукнуў нехта.

Хлопец, які раней меў настолькі спартовае і загартаванае цела, каб скараць дахі шматпавярховікаў, асвятляльных веж і нават верхавіну 35-метровай навагодняй елкі, і сапраўды зараз уяўляе сабой нешта падобнае на жыхароў блакаднага Ленінграда, вязняў канцлагера ці гета.

Суд на актывістам распачаўся сёння нават раней, чым 10.30, на якія быў прызначаны. Звычайна на падобных мерапрыемстваў пачатак зацягваецца, а тут суддзя Алена Жук аказалася вельмі пунктуальнай – той, хто спазніўся, стаяў за дзвярыма да першага перапынку. Дзіўны нонсэнс чакаў людзей ужо на самым уваходзе ў суд: тут сёння стаяла металашукальніцкая “брама”. Ува ўсіх віцізёраў без выключэння міліцыянеры пыталіся дакумент і перапісвалі прозвішча ў вялікі сшытак. Калі чалавек выходзіў з будынка на вуліцу, да прыкладу, папаліць, то, вяртаючыся, зноў праходзіў праз “браму” і прад’яўляў сумку. І так магло адбывацца хоць па 10 разоў.

Дзеючыя асобы ў сённяшнім судзе. У “клетцы” – Сяргей Каваленка, які трымае галадоўку ў знак пратэста супраць палітычнага пераследу і якому пагражае 3 гады пазбаўлення волі за нібыта парушэнне рэжыму адбывання пакарання — ён быў асуджаны да “хатняй хіміі” за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска ў 2010 годзе. Па-за “клеткай”: суддзя Алена Жук, дзяржаўны абвінаваўца спадар Лутаў, ранейшы адвакат Каваленкі, ягоны цёзка па прозвішчы Пётр Каваленка, а таксама абаронца Аляксандр Галіеў, які прыехаў з Мінска. Акрамя таго, каля 40 чалавек слухачоў на лавах. З іх – з дзясятак журналістаў. І шэсць міліцыянераў, якія ахоўвалі “клетку”. У калідоры – яшчэ чалавек 20 з групы падтрымкі Каваленкі.

З важных персон на суд прыехалі ці прыйшлі: віцэ-консул Латвіі ў Віцебску Яніс Рупэйкс, намеснік кіраўніка КХП-БНФ Юрась Беленькі, сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал, намесніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка, віцебскія праваабаронцы Павел Левінаў і Леанід Свецік, праваабаронцы Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч і інш.

Па словах жонкі падсуднага Алены Каваленкі, яе муж раней важыў больш за 80 кг. Зараз – 61 кг. “Ён схуднеў на 25 кілаграмаў”, – кажа жанчына. Сам Сяргей заявіў у судзе, што ўжо тры дні трымае “сухую” галадоўку – не п’е ваду. “І выходзіць з галадоўкі я не буду. Пакуль адсюль не выйду. Гэта прынцыпова”, – такімі былі ягоныя словы.

Тым не менш, Каваленка застаецца Каваленкам, нават калі ён “зменшыўся” у фізічных памерах на чвэрць. Духам і паводзінамі гэта ўсё той жа самы чалавек, можа, нават яшчэ больш прамалінейны і рэзкі ў выказваннях. Калі сваякі і сябры Каваленкі пачалі раіць яму кінуць галадоўку ці хаця б “піць вадзічку”, той адразу ўзвіўся: “Вы прывыклі быць слабымі! Каб апазіцыя хацела што рабіць, то рабіла б, выходзіла б са сцягамі. А не сядзела ў інтэрнэце на сайтах, шукаючы грантаў. Нават беларускі фальклор прапітаны культам мужнасці і сілы. Я чытаў сыну казкі, я ведаю!” Дасталося і журналістам. “Тут палова кэгэбэшных журналістаў сядзіць!” – злосна кінуў Каваленка.

Увогуле стварылася ўражанне, што месцамі ён трызніў.

Тым не менш, першае, што зрабіў падсудны, – гэта даў адвод перакладчыцы, настаўніцы адной з віцебскіх школ. “Перакладайце на беларускую, а не на трасянку!” – запатрабаваў ён. І час ад часу даваў ёй падказкі з-за рашоткі: “Не вывад, а выснова. Не падляжыць, а падлягае. Не абаснаваць, а абгрунтаваць…” Суддзя задаволіла гэты адвод, тым больш што сама настаўніца прызнала, што не валодае мовай у такой ступені, каб перакладаць на судовым працэсе. Перакладчыцкія функцыі на сябе пасля ўзяў выкладчык факультэта беларускай філалогіі і культуры ВДУ імя Машэрава Сяргей Міхайлаў, у якога няма праблем з юрыдычнай лексікай - ён прысутнічаў на многіх Каваленкавых справах.

Пазней, пасля абедзеннага перапынку ў пасяджэнні, Сяргей даў адвод ужо самой суддзі. За тое, што яна да гэтага выдаліла з залы журналістаў, якія вялі фота- і відэаздымкі, а міліцыянта, які здымаў прысутных, – не. Гэтае хадайніцтва Алена Жук не задаволіла – як “неабгрунтаванае”.

Некалькі разоў суд надоўга перарываўся на медыцынскі агляд Каваленкі. “Хуткая” да яго прыязджала тройчы. Першы і другі раз была адна і тая ж брыгада медыкаў на чале з доктарам Дубакіным. Паводле яе заключэння, у Каваленкі абвостраны гастрыт і знясіленне, аднак шпіталіцыя яму не патрэбная. На трэці раз прыехала іншая брыгада, старэйшым у якой быў доктар Фадзееў. Паводле гэтага ўрача, трэба больш глыбока вывучыць стан здароўя Каваленкі.

Суд скончыўся ў 17.20. Суддзя аб’явіла перапынак да 14.00 22 лютага. Да гэтага часу Каваленка будзе знаходзіцца ў медсанчастцы СІЗА-2 Віцебска для даследавання стану здароўя. Да заўтра начальнік гэтага шпіталя павінен прадставіць у суд заключэнне, ці можа Сяргей удзельнічаць у судовым працэсе.

Апошняе, што пракрычаў Каваленка перад тым, як яго вывелі ў кайданках: “Эй, людзі! Вывешвайце сцягі! Кожны дзень. Ці хоць кожны тыдзень каб у горадзе сцяг з’яўляўся!” І з надзеяй глядзеў на кожнага мужчыну, які выходзіў з залы.