Наеліся бліноў, нацалаваліся – прагналі зіму
За масленічны тыдзень Віцебск непазнавальна змяніўся: пахаваліся па завуголлях завірухі-завеі, паплылі ручаямі снежныя сумёты, нешта зусім вясновае абмяркоўваюць галубы. А снегаачышчальныя машыны вязуць і вязуць на гарадскі сметнік ашмёткі зімы. Даравальная нядзеля, праўда, выдалася, без сонейка. Але гэта зусім не перашкодзіла святу Масленіцы ў культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола Віцебска “Дзвіна”.
Віцебскія людцы сёння елі бліны – ад пуза. Пілі – і не толькі гарбату. Весяліліся – дык некаторыя аж да слёз. Цалаваліся – усмак. Танцавалі – да ўпаду. Біліся – у жарт, так, каб кроў паганяць. Кідаліся грашыма – а няхай яго халера, такое жыццё! Прасілі адзін у аднаго прабачэння. І даравалі – ад сэрца.
А потым у задзвінскае неба ўзвілася зыркая стужка масленічнага вогнішча. Саламянае грудастае пудзіла Зімы ў ружова-сіняй спадніцы згарэла надзіва хутка – мо, за якіх пяць хвілін. І хоць бы хто, хоць адзін які чалавечак у вялікім натоўпе, пашкадаваў тую бедную ляльку! Усе толькі радаваліся і шпурлялі ў пудзіла снежкамі! Надакучылі людзям халады, хочацца цяпла і радасці. Таму нават снег сёння ў Задзвінні быў незвычайным. Не белым, а… блакітна-памаранчавым. Як васілёк і каралеўская лілея, як вясна і свабода, як пяшчота і каханне.
Дык бывай жа, зіма-гасцюха ў белай шубе! Вітаем, сонейка-душагрэйка! Шырока адчыняем дзверы вясне-красуні!