Сяргей Каваленка працягвае галадоўку, чытае Мальера, спаткаўся з жонкай і пабачыў дзяцей на фота
Сёння палітвязень Сяргей Каваленка сустрэўся ў віцебскім СІЗА-2 з жонкай Аленай. Ён працягвае галадаць і збіраецца ісці ў гэтым сваім намеры да канца.
Спатканне доўжылася 3 гадзіны. Праз шкло, праз якое ішла размова, Алена паказала мужу сваё фота з дзецьмі. Па словах жанчыны, стан галадоўніка вельмі цяжкі: “Ен страціў ужо каля 30 кілаграмаў. Яму нават нязручна сядзець, бо зусім няма тлушчавай праслойкі. У яго кружыцца галава, баляць сэрца, ныркі, печань. Ён мне не скардзіўся, гэта я ўжо сама выпытвала”.
Тым не менш, Каваленка збіраецца галадаць і далей.
– Сяргей сказаў мне, што пойдзе ў сваім намеры да канца. Кажа, што ніколі не адчуваў у сабе такой маральнай моцы. Я напачатку размовы спрабавала прасіць, каб ён кінуў галадаць. Аднак муж адразу абарваў гэту размову і сказаў, што болей з гэтага шляху не саступіць. Дадаў, што лічыць ганьбай тое, што тады, раней, пачаў есці. “Я зганьбаваў гэтым і сябе, і тых людзей, якія ў мяне верылі. Каб я не пачаў тады есці, то зараз быў бы ўжо на волі”, – такія былі ягоныя словы. Разам з тым прызнаўся, што фізічныя сілы ў яго ўжо на сыходзе. Максімум, кажа, мяне хопіць на тыдзень. Таму яго трэба тэрмінова ратаваць! – непакоіцца Алена.
Пра свой суд Каваленка ў размове з жонкай адазваўся наступным чынам: “Нават канваіры казалі мне, што я трымаўся годна на судзе. А калі я казаў заключную прамову, уражаныя былі нават міліцыянты і іхнія жонкі, якія сядзелі ў зале ў якасці “народа”. Суддзя нервавалася, у яе хадзілі жалвакі, але было бачна, што ёй дастаўляе задавальненне гэты здзек нада мной”.
Сяргей Каваленка 70 дзён знаходзіцца ў камеры-адзіночцы. “Ніякіх стасункаў ні з кім ён не мае. Камера такая малая, што там можна праходзіць толькі бокам, там няма ніякай свабоды рухаў”, – распавядае Алена. Вязень шмат чытае. Перачытаў гару класічнай літаратуры: Джэка Лондана, Уладзіміра Караткевіча, “Тутэйшых” Купалы… Зараз чытае Мальера. І Біблію.
Адвакаты Каваленкі павінны заўтра напісаць скаргу на рашэнне суддзі Алены Жук у суд вышэйшай інстанцыі. Нагадаем, што актывіст КХП-БНФ пакараны 2 гадамі 1 месяцам калоніі агульнага рэжыму нібыта за парушэнні рэжыму так званай «хатняй хіміі». Гэта абмежаванне волі яму прысудзілі за сцяг, вывешаны на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня 2010 года.