Апошні матч віцебскіх хакеістаў у гэтым першынстве абярнуўся лядовым трылерам. Самааддачы і волі да перамогі віцяблянам у гэтым паядынку было не занімаць.
ХК “Віцебск” у заключным для сябе матчы прымаў аднаго з лідараў чэмпіяната – “Гомель”. Пасля першага перыяда былі ўсе падставы меркаваць, што гульня завершыцца чарговым разгромам нашай каманды. На той момант яна ляцела з лікам 0:4. І лічбы гэтыя нязменна трымаліся да сярэдзіны другой трэці.
А потым панеслася! Нашы хлопцы за чатыры з паловай хвіліны зраўнялі лік. І закруцілі інтрыгу ў матчы. Антон Елісеенка тройчы прыклаўся да галявых поспехаў віцебскай дружыны. На яго рахунку – дзве шайбы і выніковая перадача.
На старце заключнага перыяда гасцям удалося выйсці наперад і захаваць галявую перавагу да фінальнай сірэны (4:5). Аднак “Гомелю” было вельмі несалодка ля сваёй брамы. Нашы “мядзведзі” смажылі там будзь здароў, але шайба ніяк не хацела залятаць у вароты “рысяў”. За 30 секунд да завяршэння сустрэчы гомельскаму варатару ўдалося спыніць шайбу практычна на лініі варот.