Барбара Радзівіл віншуе віцебскіх жанчын са святам вясны
Разам з сучаснымі віцебскімі жанчынамі вясну сустракаюць вядомыя прыгажуні з гісторыі Беларусі – Барбара Радзівіл, Францыска Урсула Радзівіл, Людвіка Караліна Радзівіл. Да гэтага бліскучага шэрагу далучыліся загадкавая шляхцянка, летуценная князёўна, а таксама грэшная Ева і бясстрашная Юдзіф.
Усё гэта – акварэльныя партрэты вядомага віцебскага мастака Міхася Ляўковіча. Выстава з выявамі прыўкрасных беларусак адкрылася гэтымі днямі ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Да якога свята прымеркавана экспазіцыя, думаю, казаць не трэба. Але калі іншыя мужчыны, мастакі ў тым ліку, ужо нават злоўжываюць кветкамі, Ляўковіч вырашыў павіншаваць жанчын па-іншаму – прыгожа, патрыятычна, шляхетна.
Гістарычныя гераіні Ляўковіча пераважна апрануты ў чырвоныя ці барвовыя сукенкі. А аздобленыя яны ўрачыста-белым – каўнерамі, манжэтамі. Толькі ў Барбары Радзівіл карычнева-зялёны ўбор. Ну на тое яна і Барбара, каб адрознівацца ад астатніх жанчын. Бадай, гэта самая вядомая беларуская прыгажуня, рамантычна-трагічная гісторыя кахання якой з каралём Жыгімонтам Аўгустам увайшла не толькі ў гісторыю ВКЛ, але і ў безліч легенд і паданняў.
Цікавая праца “Трубадуры” – мастак уяўляе анёлаў у выглядзе… Каго б вы думалі? Ну канешне ж, жанчын!
Даведка “ННВ”: Міхась Ляўковіч працуе старэйшым выкладчыкам жывапісу, малюнку і кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце ВДУ імя П. Машэрава. Сябра Беларускага саюза мастакоў. З 1995 па 2011 гады ўзначальваў суполку “Віцебская акварэль”. Працуе ў розных жанрах у тэхніцы акварэлі і алейнага жывапісу. Свае працы падпісвае па-беларуску. Пастаянны ўдзельнік выстаў у родным Віцебску, іншых гарадах краіны, а таксама за яе межамі. Творы Ляўковіча знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях.