Крыжовы шлях на Мосарскай Кальварыі
Кожны чалавек у сваім жыцці праходзіць шлях, дзе ёсць Узнёсласці і падзенні, радасці і горычы, раўніны і ямы…
На распачацце святых велікапосных рэкалекцый у пятніцу, 16 сакавіка, у Мосары вернікі прайшлі Крыжовы шлях пакаяння па Кальварыі, каб зноў перажыць таямніцу крыжовага адкуплення чалавецтва і смерці Езуса Хрыста.
На гэтае адмысловае набажэнства вернікі прыйшлі, трымаючы ў сваіх руках крыжы, прынесеныя з дому. Разважанне кожнай стацыі падрыхтавалі самі парафіяне і падчас Крыжовага шляху неслі вялікі бярозавы крыж, як сімвал Хрыстовага Крыжа.
Пасля ўрачыстага благаслаўлення пры апошняй стацыі душпастыр парафіі, ксёндз Аляксей Юркайць, заахвоціў вернікаў скарыстацца ласкай Адпусту і прыняць плённы ўдзелу ў рэкалекцыях, а таксама нагадаў, што намаганнямі памерлага кс. Юозаса Булькі 10 кастрычнiка 2004 г., у дзень 490-годдзя летапіснага ўспаміну Мосара, на Гары Крыжоў быў устаноўлены велізарны крыж, як працяг Мосарскай Кальварыі, таму ў 2014 годзе будзе адзначацца 500-годдзе Мосара і да Юбілею вёскі Мосар надалей таксама будуць адбывацца свецыяльныя набажэнствы і парафіяльныя падзеі.
Набажэнства Крыжовага шляху на Мосарскіх могілках было цудоўнай магчымасцю не толькі падзяліць з Езусам цяжар Крыжовай дарогі, але ўбачыць сваю слабасць і нявернасць і паглядзець на ўласнае жыццё ў духу жалю за ўчыненае зло, грахі, каб, ачысціўшыся ад іх, з радасцю і надзеяй сустракаць Велікдзень – свята Ўваскрасення, што ёсць сэнсам нашага жыцця і веры. Як казаў апостал Павел: “Калі Хрыстос не Ўваскрос, дык дарэмная вера вашая”(1 Кар 15, 17).
Падчас рэкалекцый Суддзя касцёльнага суда Віцебскай дыяцэзіі і душпастыр дзеркаўшчынскай парафіі кс. Віталь Галец дапамог вернікам зноў перажыць навяртанне і адрадзіць нанова веру ў Хрыста, каб захоўваючы яе пяшчотна ў сэрцах, як каштоўны скарб ў гліняных начыннях, мы маглі сустрэць Уваскрасенне!!!