У Віцебску праходзіць турнір па боксе
З 27 па 29 сакавіка ў віцебскім Цэнтральным спартыўным комплексе праходзіць адкрыты рэспубліканскі турнір па боксе, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сёлета спаборніцтвы сталі ўжо чатырнаццатымі па ліку.
У турніры ўдзельнічае больш за 100 баксёраў з Беларусі, Расіі, Украіны і Эстоніі. Яны выступаюць у трох узроставых групах: юніёры 1996-1997 гадоў нараджэння, моладзь 1995 года нараджэння, дарослыя 1994 года нараджэння і старэйшыя.
Па традыцыі турнір пачаўся з таго, што спартсмены наведалі музеі воінаў-інтэрнацыяналістаў і ўсклалі вянкі да помніка “Боль”. Учора таксама адбыліся папярэднія баі.
Паўфінальныя паядынкі распачнуцца сёння ў 14.00. Заўтра, 29 сакавіка, адбудзецца фінал (пачатак баёў у 11.00) і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў турніру.