Абласны суд адправіў Сяргея Каваленку ў псіхіятрычную бальніцу для экспертызы

У Віцебскім абласным судзе 10 красавіка прайшло пасяджэнне судовай калегіі, якая павінна была разгледзіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прысуд Першамайскага суда Віцебска. Аднак разгляд скаргі прыпыніўся – калегія прызначыла актывісту КХП-БНФ правядзенне комплекснай псіхіятрычнай экспертызы. Для гэтага Каваленку адвязуць у псіхіятрычную бальніцу ў Навінкі пад Мінскам.
У Віцебскім абласным судзе 10 красавіка прайшло пасяджэнне судовай калегіі, якая павінна была разгледзіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі. Фота Сержука Серабро

На разгляд калегіі сёння прадставілі папярэдняе заключэнне псіхіятраў аб тым, што ў Каваленкі маецца псіхічнае расстройства, а выражаецца яно, у прыватнасці, у адмове ад ежы.

Як паведаміў “ННВ” правабаронца Павел Левінаў, дактары ў Навінках павінны будуць даць адказ на наступныя пытанні: ці пакутваў Каваленка на псіхічнае захворванне 7 студзеня 2010 года (калі ён падняў бел-чырвона-белы сцяг на 35-метровую ёлку – заўвага “ННВ”); ці мог асэнсоўваць на той час свае дзеянні; ці пакутвае на псіхічнае захворванне зараз; ці патрабуюцца да яго меры прымусовага лячэння; ці мае індывідуальныя асаблівасці псіхічнага стану.

У Віцебскім абласным судзе 10 красавіка прайшло пасяджэнне судовай калегіі, якая павінна была разгледзіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі. Фота Сержука Серабро

“Улады рэалізуюць свой сцэнар – яны “лепяць” з Сяргея вар’ята. Спрабуюць дыскрэдытаваць у вачах грамадства ўсю ягоную дзейнасць, ягоныя ідэалы, усё, за што Сяргей змагаўся. Спрабуюць ануляваць яго як праціўніка гэтай улады, як барацьбіта. І спрабуюць яго цалкам ізаляваць ад вачэй родных і сяброў. Сяргей у такім цяжкім стане, аднак яго зноў збіраюцца этапаваць – для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. Думаю, у іх ужо ўсё распланавана, і яны будуць спрабаваць “зрабіць” яму дыягназ. А потым можа быць самае страшнае развіццё гэтага сцэнара– калі яны будуць проста рабіць з яго “расліну”. Калі ён, канешне, да гэта дажыве…” – падзялілася з журналістамі жонка Сяргей Алена Каваленка.

У Віцебскім абласным судзе 10 красавіка прайшло пасяджэнне судовай калегіі, якая павінна была разгледзіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі. Фота Сержука Серабро

“Сённяшняе пасяджэнне суда было амаль што зачыненым. З блізкіх Сяргея пусцілі толькі некалькі чалавек – мяне, праваабаронцаў Паўла Левінава і Валянціна Стэфановіча, грамадскага актывіста Сяргея Парсюкевіча. Усе астатнія ў зале былі пераапранутыя міліцыянты. Чалавек 30… Яны ўсе сядзелі, апусціўшы вочы ў падлогу. Усё ж такі рабіць подласць не так лёгка… Пракурор быў той жа, што і на ранейшым судзе, – Лутаў. Ён увесь час сядзеў, усміхаўся. Яму гэта відавочна дастаўляе радасць. А для мяне вельмі балюча, што катаванне і над Сяргем, і над усёй нашай сям’ёй працягваецца”, – кажа жанчына.

Нагадаем, у абласным судзе Сяргей Каваленка абскарджвае вырак, які 24 лютага яму вынес суд Першамайскага раёна Віцебска пад старшынствам Алены Жук. Суд прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (артыкул 415 Крымінальнага кодэкса). У сваю чаргу гэта пакаранне ён атрымаў за тое, што падняў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. За “сцяг” яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Зараз Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у псіхіятрычным аддзяленні бальніцы на тэрыторыі папраўчай калоніі «Віцьба-3» пад Віцебскам. На знак пратэсту ён, з невялікім перапынкам, галадае з моманту затрымання, 19 снежня 2011 года. Страціў палову вагі – замест ранейшых 83 кг важыць 45.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ