З Днём народзінаў, “Лялька”!
З 20 па 23 красавіка Беларускі тэатр “Лялька” адзначаў свой Дзень нараджэння. Сёлета яму споўнілася 26 гадоў. Менавіта столькі часу прайшло з выхаду першага спектакля тэатра — “Дзед і Жораў”.
Наведвальнікаў тэатра, як дарослых, так і дзяцей, у дні святкавання чакалі лепшыя спектаклі — “Дэкамерон”, “Кветачка-вясёлка”, “Загубленая душа”, а таксама забаўляльныя праграмы, гульні і конкурсы. Рэжысёрам забаўляльных праграм выступіла актрыса Вольга Корзун. У іх задзейнічаліся не толькі артысты тэатра, але і разнастайныя творчыя калектывы Віцебска — клубы гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа”, “Таліон”, “Нагальфар”, “Варгенторн”, узорны тэатр моды “Наш стыль” (кіраўнік — Ірына Пеўзнер), педагогі і вучні сярэдняй школы № 33 з музычным ухілам, школ мастацтваў № 1 і № 2, музычнай школы № 4.
Гледачоў чакалі “Італьянскі карнавал”, дзіцячая святочная праграма «У краіне цудаў» і сапраўдны “Шляхецкі салон”. Кавалеры і дамы ва ўрачыстых уборах, даўно забытыя гульні, адпаведныя танцы, песні ў выкананні артыстаў тэатра і разнастайных калектываў Віцебска – усё гэта створыла непаўторную атмасферу XIX стагоддзя.
22 красавіка дзеці патрапілі «У госці да казкі». Іх чакалі запамінальныя, яскравыя нумары, цікавыя гульні, чароўныя мелодыі цымбал, вясёлыя песні і танцы. Гэта праграма адбылася перад прэм’ерным спектаклем тэатра “Лялька” “Ямелева шчасце” і перад спектаклем гасцей з далёкага Валгаграда — тэатра лялек “Калабок”, якія спецыяльна прыехалі ў Віцебск, каб павіншаваць калег з Днём нараджэння. Свой спектакль для сямейнага прагляду «Мартынка» госці з Валгаграда паказалі двойчы – у нядзелю і ў панядзелак, 23 красавіка.