У Глыбокім Ленін саступіў месца прэм’ер-міністру БНР

Прыемна ўразіла Глыбокае, якое рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства. З галоўнай плошчы райцэнтра нядаўна прыбралі помнік Леніну, а на месцы, якое займаў правадыр, збіраюцца зрабіць галерэю з бюстаў знакамітых ураджэнцаў Глыбоччыны. У прыватнасці, на ёй будуць знаходзіцца скульптурныя выявы заснавальніка першага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, мастака і пісьменніка Язэпа Драздовіча, авіяканструктара Паўла Сухога. І, што зусім ўжо фантастычная рэч – прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага!

У Глыбоцкім райвыканкаме “ННВ” пацвердзілі гэту навіну. Помнік Леніну, які стаяў на плошчы 17 Верасня, сапраўды дэмантавалі і аправілі на рэстаўрацыю ў скульптурную майстэрню: правадар ужо пачаў быў рассыпацца на кавалкі… Пасля таго, як Ільіча падправяць скульптары, ён зноў вернецца ў Глыбокае. Але ўжо не на плошчу 17 Верасня. Як варыянт, яго паставяць у адным з мікрараёнаў горада.

Можна ўявіць, якую радасць адчуюць глыбачане, калі замест помніка кіраўніку сусветнага пралетарыята ўбачаць бюсты сваіх слынных землякоў! Напэўна, увесь горад дзвюма рукамі падтрымлівае такі нестандартны пункт праграмы рэканструкцыі Глыбокага, прынятай мясцовымі ўладамі. Заходнікі, адным словам!

Святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім адбудзецца 2 верасня. Зараз горад рыхтуецца да ўрачыстасці – тут добраўпарадкоўваюць будынкі, вуліцы, скверы. Калі працягваць тэму помнікаў, то ўжо адрамантавалі скульптуры воінаў-інтэрнацыяналістаў у парку Перамогі.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ