Коласаўцы выступяць у Нясвіжскім замку
Нясвіж, які сёлета стаў культурнай сталіцай Беларусі, адрадзіў старадаўнюю традыцыю, якая ў ХVIII стагоддзі існавала ў замку Радзівілаў – тэатр Уршулі Радзівіл.
Праект носіць назву арт-фэст “Тэатр Уршулі Радзівіл”. У свой час жонка Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбанькі) Францішка Уршуля стварыла першы ў Беларусі прыдворны тэатр. Яна была аўтаркай п’ес, якія ў ім ставіліся.
А зараз у Нясвіжскім замку запрасілі выступіць калектывы некалькіх беларускіх тэатраў. Гонар адкрыць праграму двухдзённага арт-фэста будзе належаць Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа. 30 чэрвеня ў тэатральнай замкавай зале віцебскія артысты пакажуць свой новы спектакль “Леаніды не вернуцца на Зямлю” па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць”.
30 чэрвеня і 1 ліпеня ў Нясвіжы свае пастаноўкі таксама пакажуць знакамітыя купалаўцы (спектакль “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”), артысты сталічнага тэатра імя Горкага (спектакль “Пане Каханку”) і Мінскага абласнога тэатра (спектакль “Паланэз на развітанне…”).