ФК “Віцебск” упэўнена перамог “Хімік” (Светлагорск)
Каб паназіраць за гульнёй віцяблян і падтрымаць іх, на Віцебскі цэнтральны спартовы комплекс учора прышло няшмат аматараў футбола. Напэўна, заўзятары засталіся дома і аддалі перавагу матчу чэмпіяната Еўропы. А для тых прыхільнікаў, якія зрабілі выбар на карысць сваёй каманды, “Віцебск” падарыў вікторыю з лікам 5:0.
Нулі на табло ўжо на сёмай хвіліне змяніў Аляксандр Дзегцяроў. Другі мяч у варотах “Хіміка” пабываў пасля падачы вуглавога – Андрэй Распопаў ударам галавы прабіў светлагорцаў.
Калі ў першым тайме віцебскаму брамніку Юрыю Васюціну даводзілася ўступаць у барацьбу ўсур’ёз, то ў другім адрэзку гульні небяспечны момант ля варот “Віцебска” ўзгадаць складана.
Ну а варатар гасцей у другім тайме быў вымушаны капітуліраваць яшчэ тройчы. На 56-й хвіліне ўдарам з 25-30 метраў Дзмітрый Гомза робіць лік 3:0. У хуткім часе поспеху дабіваецца Арцём Пакулін, які змяніў на табло тройку на чатыры. Пяты гол на рахунку Ільі Трачынскага.