Групе віцебскай моладзі, якая арганізавала і правяла ў Дзень горада флэшмоб “Стылягі”, яскравымі фарбамі сапраўднага свята і лета ўдалося разагнаць шэрасць надвор’я і афіцыйных мерапрыемстваў.
Некалькі дзясяткаў дзяўчат і некалькі хлопцаў, апранутыя ў стракатыя гарнітуры па модзе стыляг — моладзевай субкультуры СССР канца 1940-х - пачатка 1960-х, якая антаганізавала з тагачасным ладам жыцця — сабраліся ў 18.00 у скверы Маякоўскага ля фантана.
Моладзь пускала мыльныя бурбалкі і надзіманыя шарыкі, таньчыла рок-н-рол і зараджала пазітывам навакольнае асяроддзе. Людзі траплялі пад уплыў сонечных фарбаў і рытмаў амерыканскай музыкі сярэдзіны мінулага стагоддзя незалежна ад узроста: ад малечы, якая толькі навучылася хадзіць, да пажылых асобаў, якія ўжо ходзяць з цяжкасцю — усе далучаліся да танцаў.
Флэшмоб быў арганізаваны праз сацыяльную сетку Вконтакте. Падзея набрала 273 удзельнікі і 675 магчымых удзельнікаў.