У Васюціна – “сухар”, у Дзегцярова – дубль
Чарговая хатняя гульня ФК “Віцебска” ў нацыянальным першынстве завяршылася буйной перамогай. На гэты раз віцябляне ўзялі верх над “Рудэнскам” з лікам 5:0.
На працягу ўсёй гульні дамініравалі гаспадары поля. Госці ж на працягу ўсяго матча спадобіліся на некалькі стандартаў і вуглавых. Адзіны небяспечны момант каля варот “Віцебска” узнік у дадатковы час. Гулец “Рудэнска” выйшаў сам-насам з Юрыем Васюціным, але пасля яго ўдара мяч размінуўся з варотамі.
Аўтарам першага гола ў гэтай баталіі стаў Дзмітрый Гомза, які расстраляў ва ўпор брамніка гасцей на 5-й хвіліне. Двойчы ў першым тайме поспеху дабіваўся Аляксандр Дзегцяроў. На 19-й хвіліне ён рэалізоўвае пенальці. А перад самым перапынкам завяршае намаганне аднаго са сваіх аднаклубнікаў, які не змог перайграць варатара “Рудэнска”, выйшаўшы з ім на рандэву.
У заключным тайме мяч у варотах гасцей пабываў яшчэ двойчы. На 55-й хвіліне матча на нападаючага мінчукоў Кірыла Самахвала запісалі аўтагол. Хвілін праз дзесяць пасля ўдара Мікіты Шугункова мяч перасякае лінію варот. Праўда, нешматлікім гледачам на трыбунах падалося, што гулец паспеў вынесці мяч з той самай лініі. Але галоўны суддзя сустрэчы паказаў на цэнтр поля – пяць ноль!