Чырвонашчокае лета

Самае сапраўднае, чырвонашчокае, спелае і раскошлівае лета зараз пануе на лецішчах ды кірмашах. Тут вырошчваюць ды прадаюць “каралеву” сярод чэрвеньскіх ягад – клубніцы.

Кілаграм ягад на Смаленскім кірмашы ў Віцебску гандляры аддаюць за 20-30 тысяч рублёў за кілаграм. І гэта, кажуць, яшчэ затанна.

Трускаўкі ў бабульчыных слоіках, кошыках ды вядзерцах ляжаць адна пад адну – роўненькія, духмяныя, чырвоненькія. Зрэшты, клубніцы бываюць з розным адценнем чырвонага: тут табе і карал, і гранат, і рубін. Нават такі гатунак клубніц ёсць – “Рубінавы кулон”.

Аднак сёлета клубніцы не дужа каб смачныя. Кіславатыя, вадзяністыя. Са смакам і пахам дажджу. Гаспадыні кажуць, што летась ягады былі з самым што ні на ёсць сапраўдным клубнічным смакам, але ж не ўрадзілі. А гэтым летам – наадварот: ягад шмат, але ж ім не хапіла сонейка, таму яны і кіслыя…

І тым не менш – гэта вітамін! Прыгожы, як само лета.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ