Лялька таксама чалавек

У Віцебск, які да гэтага жыў і выхоўваўся на мастацтве “дзіцячых” артыстаў-лялечнікаў, завітаў калектыў, які пазнаёміў гараджан з тэатрам лялек для дарослых. Гэта славутая ў Еўропе акцёрская асацыяцыя “Унія Тэатр Немагчымы” з Польшчы.

Палякі наведалі наш горад у межах Міжнароднага фестывалю тэатра лялек і анімацыйных фільмаў для дарослых “Лялька таксама чалавек”. Гэты фэст вандруе па свеце ўжо сёмы год запар. Фестываль, які аб’ядноўвае тэатр і анімацыю і хоча даказаць, што гэтыя два віды мастацтва могуць быць не толькі “дзіцячымі”, нарадзіўся дзякуючы “Уніі Тэатр Немагчымы”.

Шкада, але лялечная казка для дарослых віцяблян будзе нядоўгай. Госці прыехалі да нас усяго на два дні (2 і 3 ліпеня). Учора на сцэне Беларускага тэатра “Лялька” гледачы ўбачылі спектакль-імпрэсію па п’есе Збігнева Герберта “Другі пакой”. Цікава, але адыгралі палякі яго на беларускай мове. Імпрэсія пазбаўлена акцёрскай экспрэсіі. Дыялогі гучаць нібыта на фоне карцін. На сцэне – павялічаныя да яе памераў фотаздымкі. А ў зале ў першым шэрагу сядзіць Яе вялікасць Таямніца.

А сёння калектыў з польскай сталіцы прапануе віцебскай публіцы спектакль з цікавай назвай – “Тапорлянд”. Не, гэта зусім не тое, пра што вы падумалі: не руская сякера і не краіна сякер. Усё тлумачыцца проста: пастаноўка зроблена паводле малюнкаў і апавяданняў француза Раланда Тапора. Гэта сцэнічны жарт, які ўяўляе сабой абсалютна чароўны мікс. Тут табе і фрагменты з кампазіцый Іагана Себасцьяна Баха, і музыка кантрабаса, і анімацыя, і, канешне ж, лялечны тэатр. Чорны гумар спалучаецца з лірызмам... А на сцэне ўсяго два акцёры.

Польскі тэатр незвычайны яшчэ тым, што ён не развітваецца з гледачамі адразу пасля спектакля. Пасля сцэнічнай дзеі наведвальнікаў запрашаюць на паказ анімацыйных фільмаў. І казка для дарослых працягваецца. Атрымліваецца як бы два ў адным: прышоў у тэатр, а пабачыў і спектакль, і мульцік.

Для гледачоў у Віцебску госці падрыхтавалі прагляд фільмаў дзвюх студый: “Се-ма-фор” – самай старэйшай і вядомай у Польшчы, якая атрымала два анімацыйных “Оскары”, і “Серафіньскі”, з якой супрацоўнічаюць самыя таленавітыя незалежныя аўтары.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі для віцебскіх журналістаў дырэктар, рэжысёр і сузаснавальнік “Уніі Тэатр Немагчымы” Марэк Б.Хадачыньскі, фестываль “Лялька таксама чалавек” фінансуе гарвыканкам Варшавы. Часам сродкі выдаткоўваюць Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, амбасады і іншыя ўплывовыя структуры. З 2006 года, калі “нарадзіўся” фестываль, у ім паўдзельнічалі тэатральныя калектывы з прыкладна 50 краін, у тым ліку і Беларусі. Спектаклі з усяго свету ацэньвае міжнароднае журы.

Размаўляць з прадстаўнікамі польскага тэатра было суцэльным задавальненнем. Вельмі шчырыя, адкрытыя, з дасціпным гумарам, усмешлівыя людзі! Аказваецца, гэта трупа сапраўдных вандроўнікаў – усе акцёры і рэжысёры жывуць у розных гарадах Польшчы. І амаль заўсёды яны з’язджаюцца з усіх бакоў сваёй краіны ці света ў Варшаву ці Гродна – на спектаклі ці на іхнія рэпетыцыі. Нейкага пэўнага памяшкання ў калектыва таксама няма, часам нешта арэндуюць. “І пры гэтым мы можам працаваць кругласуткава”, – жартуе рэжысёр і актрыса тэатра Дарота Ганна Донбэк.

Наконт беларускай мовы ў спектаклі “Другі пакой” яна патлумачыла: “Мы можам іграць на розных мовах. Мы адкрыта не кантактуем з гледачамі. Да таго ж можам папрасіць дапамогі акцёраў той краіны, дзе мы іграем. І мова не калечыцца”.

Увогуле “Унія Тэатр Немагчымы” – рознапланавы калектыў. Ён жыве не толькі лялечным мастацтвам і анімацыяй, а яшчэ і музыкай. Штогод, з траўня па верасень, тэатр праводзіць “Канцэрты на Сангорцы” – пад адкрытым небам у маёнтку Пэнтова гучаць класіка і джаз.

Што тычыцца Беларусі, то летась тэатр быў на гастролях на Гарадзеншчыне. І ў Ашмянах палякам давялося іграць спектакль “Другі пакой” у… касцёле. Гэта дужа іх уразіла. “Для спектакля трэба, каб было цёмна. І вось нам давялося чакаць, пакуль сонца ўпадзе. Ксёндз прамаўляў казань, а мы і астатнія людзі ўсё глядзелі на вітражы: ці села сонца. А яно ніяк не заходзіла. І гэта, напэўна, была самая доўгая малітва ў гэтым касцёле: ксёндз прамаўляў, пакуль сонца не схавалася, каб пратрымаць публіку да пачатку спектакля. Гралі мы па-польску, людзям спадабалася. Але адна бабулька выйшла з касцёла і дужа плявалася. Кажа: “Якое свінства ў касцёле паказваюць!”. Але пасля мы даведаліся, што гэта проста такая бабуля, такі ў яе характар. Кажуць, што гэта не яе ксёндз спавядае, а яна – яго!” – узгадвае ашмянскія гастролі Дарота Ганна Донбэк.

На прэс-канферэнцыі засмуціў толькі адзіны момант. Нават прымусіў пачырванець за сваю краіну. Сёння, 3 ліпеня, палякі збіраюцца наведаць віцебскі парад, прысвечаны Дню незалежнасці. А потым, увечары – і акцыю “Спяем гімн разам”. Вельмі тактоўна, без абраз для нашага нацыянальнага гонару, але госці далі зразумець: для іх гэта як цырк, як забаўка, якую яны больш нідзе ў Еўропе не ўбачаць. “Гэта глупства”, – выказаліся яны наконт парада.

З Віцебска “Унія Тэатр Немагчымы” паедзе у Наваполацк і Полацк. Потым завітае на Магілёўшчыну – у Бабруйск, Горкі, Бялынічы і абласны цэнтр.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ