На вечары паэзіі ў Віцебску Купала гучаў на некалькіх мовах
Учора ў віцебскім музеі “Цэнтр сучаснага мастацтва” адбылася паэтычная імпрэза, прысвечаная Янку Купалу. Вечар атрымаўся багатым на адкрыцці і вельмі цёплым, як сардэчная размова даўніх сяброў.
Ушанаваць памяць класіка беларускай літаратуры прышлі прадстаўнікі віцебскай інтэлігенцыі, моладзь, грамадскія актывісты. Ад чынавенства на мерапрыемства зазірнуў, але хутка сышоў галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі.
Галоўнай жа асобай на свяце паэзіі, акрамя, зразумела, самога песняра, быў вядомы віцебскі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч. Ён падаў ідэю, што такі вечар трэба зладзіць. А потым, з дапамогай сваіх маладых сяброў, ажыццявіў яе. Усім на радасць! Забягаючы наперад, адзначым, што імпрэза сапраўды атрымалася. Віцебску дужа не хапае падобных мерапрыемстваў, дзе збіралася б беларускамоўная інтэлігенцыя. І было б цудоўна, калі б гэта ініцыятыва прыжылася…
Вечарына называлася “Дыялог з паэтам”. Чыталі вершы песняра, называлі яго “сапраўды еўрапейскім паэтам”, гаварылі пра яго каханне да жончынай сяброўкі, спявалі купальскія песні і кампазіцыю пра Віцебск, глядзелі фільм пра паэтаў лёс, слухалі санату Бетховена. І сапраўды, было такое адчуванне, амаль на фізічным узроўні, што Купала недзе побач. Тут, у залі… А можа, гэта проста гэтак усхвалявана забілася сэрца, калі на імправізаваную сцэну выйшаў акцёр-коласавец і паэт Пятро Ламан і моцна, у сваёй непадробнай манеры, стаў чытаць Купалавы творы.
Асабліва трывожна гучаў верш “Прыстаў я жыць..”, напісаны стагоддзе таму, у 1912 годзе. Але ён і сёння актуальны, вось урывак:
Чырвонай зданьню ў цёмных сенцах
Наш рок сьляпы снуе, цьвіце;
Зьмяіны рогат адшчапенцаў
Жывыя грудзі рве, гняце.
На ніве роднай зброд прадажны
Скрозь гаспадарку распрасьцёр,
Чужацкай песьняю прыказнай
Калыша здаўлены прастор.
І шумна чаркі напаўняе
Крывёй асьлепленых рабоў...
Гульню так чорную спраўляе
Паміж крыжоў, паміж грабоў.
“Калі ўчытваешся ў Купалу, то разумееш, што гэта самы сучасны паэт на Беларусі. Такога Купалу не пачуеш у школе. Пры савецкай уладзе такога Купалу не вывучалі ў інстытуце. Нават самы поўны збор твораў Купалы ніколі не быў поўным. Бо такі паэт не быў патрэбны ўладзе. Магчыма, таму яго і забілі”, – з горыччу прамовіў Ламан.
Вершы, канешне, былі з большага сумныя. “Я перабраў сем тамоў Купалы, якія ёсць у мяне дома. Шукаў інтымную лірыку. Але ў Купалы ў асноўным усё сацыяльнае, усё – бяда наша беларуская: як нам жыць?” – зазначыў на гэты конт Уладзімір Папковіч.
Бадай, самай вялікай нечаканасцю вечарыны было тое, што Купала гучаў не толькі па-беларуску. Адзін з санэтаў прагучаў па-ангельску, яшчэ адзін верш – па-нямецку. Па-руску – “А хто там ідзе?” у перакладзе М.Горкага. Англійскі і нямецкі Купала падаўся слухачам чужым і рэзкаватым, а наконт рускага пераклада Папковіч пажартаваў: “Рыфмы няма”.
Парадвалі два маленькіх беларусікі з вёскі Заронава. Яны дзялілі на дваіх саламяны капялюш і па-дзіцячы міла дэкламавалі песняра. А фінальным акордам вечарыны стаў верш “Хто ты гэткі” – вядомы на ўсю Беларусь і па-за яе межамі дзякуючы аднайменнай песні “Ляпісаў”.