У Наваполацку мыюць за вершы па-беларуску
У Наваполацку мыюць не за грошы, а за вершы беларускіх класікаў. Мясцовая суполка “Таварыства беларускай мовы” прыдумала акцыю: з цябе – твор на памяць, з нас – гарачы душ, гарбата ці кава з пячывам, а ў дадатак яшчэ і сувенір.
Справа ў тым, што ў горадзе нафтахімікаў адключылі гарачую ваду. Але ў некаторых мікрараёнах яна ўсё ж засталася. Вось ТБМ і вырашыў дапамагчы гараджанам, якім надакучыла мыцца ў тазіках і начоўках, вырашыць гэту праблему. Душ, у якім можна з камфортам памыцца, расплаціўшыся вершам, знаходзіцца на кватэры аднаго з сяброў суполкі ТБМ.
Жадаючаму памыцца трэба ведаць на памяць адзін верш. Выбіраць можна з трох класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. У іх сёлета юбілеі: 130-годдзе з дня нараджэння песняроў і 100 год, як нарадзіўся Танк.
Цікава, што яшчэ літаральна пазаўчора плата за ўваход была вышэйшай – гаспадар душа патрабаваў не адзін, а тры вершы. Класікаў нацыянальнай літаратуры дэкламуюць у вопратцы, жартуюць арганізатары. Але песні на іхнія вершы можна спяваць і аголеным - у душы.
Звяртацца сюды: http://vk.com/id101460341