У Полацкім раёне пакусаліся дачніцы
Дзве жанчыны пакусалі адна адну, і справа дайшла да суда. Інцыдэнт адбыўся ў Полацкім раёне на тэрыторыі дачнага таварыства. 62-гадовая пенсіянерка хацела выліць нечыстоты ў вадаём пажарнага прызначэння, які знаходзіцца на зямельным участку 54-гадовай суседкі. Апошняя зрабіла заўвагу, а пенсіянерка выліла нечыстоты суседцы на галаву і... укусіла суседку за палец. А пацярпелая ўкусіла "суперніцу" за брыво.
— Падчас расследавання крымінальнай справы было ўстаноўлена, што паміж жанчынамі даўно ўзнік канфлікт. Пастаянна сварыліся. Прыгаворам суда 62-гадовая жанчына была аштрафавана на 3,5 мільёна рублёў, а 54-гадовая — на 4 мільёны. Жанчыны, у сваю чаргу, патрабавалі адна ад адной кампенсацыі за прычыненую маральную шкоду і страту здароўю, — расказвае Віталій Сузанскі, старшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласці. — У выніку 62-гадовая жанчына была абавязана выплаціць 4 мільёны рублёў, а яе суседка — 5 мільёнаў. Але ж абласны суд згодна з законам аб амністыі, вызваліў пенсіянерку ад пакарання. У выніку яна нічога не заплаціла, але кампенсацыю ад суседкі атрымала.
Аляксандр Пукшанскі - "Звязда"