У Мосары прайшлі выстава старажытных кніг і кірмаш рэлігійнай літаратуры
Дзень ведаў у Мосары адзначылі выставай старажытных кніг “Скарбы вякоў” і кірмашом рэлігійнай літаратуры.
Ва ўсіх касцёлах Беларусі на пачатку навучальнага года адбываецца малітва за ўсіх, хто пазнае створаны Богам навакольны свет, вывучаючы навукі ў школе ці ўніверсітэце, а таксама самаго Бога на занятках па рэлігіі ў храме. Вось і ў Мосары ў нядзелю, 2 верасня, пасля святочнай літургіі, адбылося спецыяльнае благаслаўленне вучняў, студэнтаў і настаўнікаў, а таксама асвячэнне кніг і падручнікаў.
На распачацце навучальнага і катэхэтычнага года важна ўшанаваць кнігу, асабліва Святое Пісанне – Біблію, бо праз яе Бог звяртаецца да нас, каб мы не заблукалі ў нашым бурлівым зямным жыцці, каб заўсёды маглі бачыць сэнс жыцця. Старажытныя кнігі маюць вялікую каштоўнасць, таму мы іх клапатліва зберагаем. Але ж любая добрая кніга мае вялікую вартасць. Ці памятаем мы аб гэтым? Пераасэнсаваць ролю кнігі ў нашым жыцці можна было ў Мосары на Дзень ведаў.
У парафіяльным доме 1-2 верасня прайшла выстава старажытных кніг XVII-XIX стагоддзяў “Скарбы вякоў”, на якой былі прадстаўлены старыя метрычныя і літургічныя кнігі парафіі. У гэтыя дні ў касцёле таксама адбываўся кніжны кірмаш каталіцкіх выдавецтваў, на якім можна было набыць кнігі хрысціянскай тэматыкі.