Кранаючы рукамі аблокі…
Эдзіт Піяф хоча любві.
Голас гучыць страсна.
Голас яе — голас крыві,
якой без любві страшна.
А.Вярцінскі
Гэтыя словы гучалі ў паўзмроку сцэны, на якой магчыма было разгледзець толькі амаль празрысты твар, надзвычай выразныя мініяцюрныя белыя рукі і чырвоны шаль, які нібы коканам ахінуў зграбную постаць жанчыны, нібы абараніў яе ад усіх боляў свету. Тады я яшчэ не ведала, што верш Анатоля Вярцінскага чытала заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова.
Тады, прагна і напята ловячы настрой і адценне кожнага слова жанчыны ў кокане, я не магла нават ўявіць, што некалі будзе іншы дзень, сонечны і яскравы, калі ў адным з тэатральных пакояў мы прабавім з ёй больш за тры гадзіны ў размове… З ёй, але ўжо з іншай… Гарэзлівай, жыццярадаснай і лёгкай як вецер. Не чакаючы пытанняў, Таццяна шпарка загаварыла: “Ведаеце, у маім жыцці было вельмі шмат шчасця. І зараз – мне ТОЛЬКІ шэсцьдзесят і многае чакае наперадзе…” Я была агаломшаная. Перада мной сядзела не стомленая жыццём сталая дама, а дзяўчына, якая выглядала так, як быццам бы толькі што трапіла ў краіну цудаў і не можа спыніцца здзіўляцца таму, што бачыць наўкола.
Сорак год таму, гуляючы ля будынка Коласаўскага, віцябчане маглі неаднаразова заўважыць у верхнім акенцы тэатра прывабны тварык. Тады Таццяну Ліхачову толькі ўзялі ў трупу тэатра і вылучылі ёй пры ім пакойчык. “Прынцэса ў высокай вежы”, – казалі пра Таццяну. Тэатр стаў для яе палацам з безліччу дзвярэй, у якіх Таццяна бясконца блыталася, спазняючыся на ўсе рэпетыцыі... “Заходзьце. Знаёмцеся, спадарства, гэта Танечка, яна далей за ўсіх жыве…” – жартаваў галоўны рэжысёр тэатра Саламон Казіміроўскі.
Звычайна таленавіты чалавека доўгі час не можа абраць сабе справу жыцця. Яго хістае з аднаго захаплення ў іншае. Малую Танечку таксама не абмінуў гэты доўгі працэс самавызначэння. Яна спрабавала маляваць, а пазней бацькі скіравалі дзяўчо ў балетную студыю. “Каб не вырасла мядзведзікам!” – з любоўю казала маці. Але ж калі адборачная камісія запрасіла Таню ў Мінск і ўручыла здзіўленай дзяўчыне “Пасведчане маладой балерыны”, бацькі не пагадзіліся з Таніным ад’ездам і аддалі дачку ў музычную школу, вучыцца па класе фартэпіяна. Але ж вясёлыя і прыязныя трэнеры па лёгкай атлетыцы былі больш даспадобы дзяўчыне, чым пабітыя лінейкай пальцы за няправільна ўзятую ноту на інструменце. Да таго ж, магчымасці чалавечага цела, энергія, якую дорыць спорт, ужо тады імпанавалі Таццяне. І хай сабе да сканчэння музшколы заставалася толькі два гады, Таня сышла ў атлетыку. Яна вернецца да фартэпіяна зноў пасля таго, як ёй споўніцца васямнаццаць, і давучыцца належны тэрмін, атрымае дыплом, але ніколі не прызнаецца нікому, што ўмее іграць. Такі характар. Атрымалася так, што ненаўмысна маці пазбавіла яе інструмента. І Таня дала слова – у пратэст ніколі не сядзе за яго. Так яно і адбылося…
У творчых бацькоў і дзеці таксама таленавітыя. Яе бацька быў выдатным мастаком, яго працы захоўваюцца ў музеі ў Мінску. Ён тонка адчуваў свет, пісаў вершы, апавяданні, рабіў шыкоўныя здымкі. А маці іграла ў тэатры, цудоўна танцавала і была вельмі начытаная. Таццяна кажа пра сябе: “Я беларуска грэцка-рускага паходжання.” Сапраўды, маці Таццяны паходзіць з грэцкай вёскі, што месцілася ў Грузіі, высока ў гарах. Бацька літаральна выкраў будучую жонку і прывёз на Беларусь. Тут нарадзілася Таццяна, якую ў рэшце рэшт чакаў прафесійны тэатр.
Мала хто ведае, што Таццяна цешыцца, калі яе называюць палачанкай. І тое, што сёлета на святкаванні дня горада Полацка заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова, насуперак усім перашкодам, з’явілася перад гледачом у вобразе нязломнай Рагнеды – вельмі важна для Таццяны. Тут пачыналася яе тэатральная дзейнасць. Калі Полацкі народны тэатр пад кіраўніцтвам Мікалая Аляксеевіча Манохіна, у якім іграла і маладая дзяўчына Таццяна Ліхачова, ехаў на конкурс дэкламантаў у Віцебск, у Коласаўскім адбываўся набор моладзі ў дапаможны склад тэатральнай трупы. Мікалай Манохін дамовіўся, каб паслухалі і Таню. Аднак летуценная дзяўчына забавілася ў горадзе і, зразумела, спазнілася. Ніколі не чула яна такіх рэзкіх словаў ад свайго кіраўніка… Мабыць, гэта разгарачыла яе і дадало смеласці, бо Таццяна, абмінуўшы Мікалая Аляксеевіча, зайшла ў тэатр і непасрэдна, з усмешкай ва ўвесь твар, заявіла: “Вы, напэўна, мяне чакаеце?” Таццяна чытала, спявала, танчыла, а за ёй уважліва сачылі Саламон Казіміроўскі, кампазітар Нісневіч, запрошаны балетмайстар опернага тэатра і ўсе тагачасныя майстры Коласаўскага тэатра: Анатоль Шэлег, Фёдар Шмакаў, Уладзімір Куляшоў, Іосіф Матусевіч, Анатоль Трус, Мікалай Цішачкін. І няхай пасля прагляду эцюда, у якім Таццяна мусіла гукаць весляра, каб перавезці брата на іншы бераг ракі, нехта жартаўліва заўважыў: “Добра крычала, мала шукала,” – яе вельмі ўпадабалі і праз некаторы час запрасілі ў Коласаўскі.
У Акадэміі мастацтваў у Мінску, куды Таццяна паступіла ў той жа год, акцёрскі курс набіраўся з разлікам, што выпускнікі па заканчэнні навучання будуць накіроўвацца ў тэатр імя Якуба Коласа. Таццяна прыгадвае, што адразу вырашыла для сябе: вучоба і толькі вучоба, а каханне – ні-ні, потым, пасля… Але неяк на першым курсе, яна зноўку заблыталася ў аўдыторыях і спазнялася на лекцыю. “Я добра памятаю, як раптоўна адчыніліся дзверы аднаго з пакояў, у сонечным святле, якое бруілася з памяшкання, стаяў высокі юнак з зялёнымі вачыма, валасамі – у хвалях. Я так і замерла на сярэдзіне лесвіцы, гледзячы на яго знізу ўверх. І падумала: “Ды гэта ж грэцкі бог…” То быў Генадзь Шкуратаў. Бег час. І неяк узімку я ўзгадала: “Я ж кахаю Шкуратава. Цікава, а ён пра гэта ведае?” І ў той жа дзень у студэнцкай аўдыторыі, пакуль не прыйшоў выкладчык, Таццяна забралася на кафедру і, паклікаўшы Генадзя, проста і лёгка прызналася, што закаханая і што потым сказаць ёй будзе проста некалі, бо трэба вучыцца, таму і кажа цяпер. Пэўна, гэтага Генадзь і чакаў, бо ўжо здаўна заўважыў гэтае “смешнае дзяўчо”. З таго часу ён закідваў Таццяну паэтычнымі пасланнямі, а потым – паклікаў замуж. Таццяна ж лічыла, што калі ёсць каханне – то яно назаўжды, і таму не трэба спяшацца, а спачатку давучыцца. Яны падалі заяву ў загс перад самым дыпломам разам са сваім сябрам Аляксеем Дударавым і яго будучай жонкай. Пазней, адмыслова для Таццяны Аляксей напіша п’есу Люці, якую паставяць на сцэне Коласаўскага і ролю самой Люці ў ёй выканае артыстка Таццяна Ліхачова. А тады Таццяну і Генадзя чакаў да сябе Віцебск і цёплыя абдымкі Коласаўскай трупы.
Сапраўды, затрымаць Таццяну здолеў тэатр, бо “толькі ў гэтым мастацтве ёсць няспынная дзейнасць, заўсёдная разнастайнасць характараў, не выязджаючы нікуды, ты можаш пабыць у розных сусветах” (Т.Л.) Ёй шчасціла на ролі. Яна працавала са шматлікімі рэжысёрамі і кожны з іх быў цікавым непаўторным творцам, які навучыў яе многаму. Таццяна прыгадвае сваё першае знаёмства з Барысам Эрыным: “Эрын уздзейнічаў на мяне магічна. Памятаю, я чакала яго ў рэппакоі. Ён увайшоў. Увесь агромністы, каляровы. Са мной адбыўся сапраўдны эмацыйна-эстэтычны шок. Я не адважвалася нават наблізіцца да яго. Энергетыка Эрына на працягу ўсёй нешматслоўнай размовы пратрымала мяне на іншым канцы вялікай рэпетыцыйкі… Тады Барыс Эрын запрасіў мяне ў спектакль “Не трывожся, мама!” паводле Н.Думбадзе.” А потым была Джульета з “Рамэо і Джульеты” У.Шэкспіра, Ганна з “Сымона-музыкі” Якуба Коласа, Зінуля са спектакля паводле аднайменнай п’есы А.Гельмана. Таццяна шмат працавала з Валерыем Мазынскім, цудоўна разумела яго рэжысёрскія задумы. Ёй шчасціла на ролі. Сярод яе гераінь і лірычныя вобразы, і характарныя. Сучасны рэпертуар у яе творчасці заўсёды нейкім неверагодным чынам перамяжоўваўся з класічным. Яна ўпершыню у беларускім тэатральным мастацтве ўвасобіла на сцэне вобраз патронкі і асветніцы Беларусі Еўфрасінні Полацкай. А маналог Голды з “Памінальнай малітвы” Р.Горына глыбока закранае сэрца кожнай жанчыны, а асабліва сэрца маці. Кожны рэжысёр – дарагі па-свойму. І калі Віталь Баркоўскі найболей скіроўваўся на авангардныя жанры, то Валерый Маслюк быў сапраўдным рэжысёрам-псіхолагам і добрым сябрам. Яны разам планавалі, як адсвяткаваць пяцідзесяцігадовы юбілей Таццяны на сцэне Коласаўскага. Але незадоўга да свята, Валерый Маслюк нечакана пайшоў з жыцця.
Тэатральная сям’я… Гучыць загадкава і цікава. Як і ў кожнай сям’і: свае набыткі і свае праблемы. У Таццяны і Генадзя, як і марыла артыстка, нарадзіліся два сыны. Яны былі разам у тэатры і дома. І нават у тыя рэдкія часы, калі нешта не ладзілася, вярталіся да свайго кахання наноў. А потым Генадзя раптоўна не стала. З вялікім болем Таццяна прыгадвае, як неяк Генадзь сказаў: “Я прыдумаў такі сцэнар для твайго дня нараджэння!..” “Сапраўды, добры сцэнар…” – з горыччу кажа Таццяна. Тады, незадоўга да яе дня нараджэння Генадзя Васільевіча не стала. Не стала для ўсіх навокал, але не для яе. “Я не веру і ніколі не паверу ў тое, што ён пайшоў назаўжды. Адчуваю і ведаю, што ён недзе побач.” І гэта становіцца відавочным, калі слухаеш яе вершы.
я люблю…
я люблю тебя в крике ночей,
в нашей песне любви и зелёных очей,
в моем плаче навзрыд от твоей доброты,
в том, что был, есть и будешь
ты… ты…
Толькі дзейнасць, толькі запатрабаванасць змагла дапамагчы Таццяне неяк перажыць страту каханага. Таццяна заўсёды казала, што мы і старэем – толькі праз няшу ляноту. “І ўвогуле, да людзей трэба прыходзіць здаровым,” – кажа Таццяна Ліхачова.
Яна шмат чытае. Як ні дзіўна тое можа прагучаць, але Дастаеўскі дапамагае ёй выйсці з трагізму, вярнуцца да жыцця. Чытае яна па некалькі кніг адначасова: зараз возьме Ляскова, пераключыцца на Тэфі, а потым перачытае Дарэла… Кажуць, жанчына-артыстка – гэта больш, чым жанчына. Таццяна перакананая, што наогул у кожнай жанчыне сёння мусіць спалучацца рамантызм, сцервознасць, лірызм, ненайгранае какецтва і здольнасць выклікаць да сябе павагу. Таццяна Ліхачова выкладае акцёрскае майстэрства ў мадэльнай школе “Персона”, піша апавяданні і вершы, прычым натхненне можа заспець яе ў любой самай нечаканай сітуацыі. Яна са смехам прыгадвае, як пісала верш, седзячы на кукішках на падлозе, сярод азадачаных людзей. Таццяна Ліхачова выходзіць на подыум! Колькі часу таму яна брала ўдзел у дэманстрацыі калекцыі экстрэмальных касцюмаў Сашы Томсана ў межах “Белай амфары”.
Таццяна захапляецца танцам і часта бярэ ўдзел у імпрэзах студыі сучаснай харэаграфіі Дзіны Юрчанкі са сваімі монаспектаклямі. Дарэчы, той верш Анатоля Вярцінскага, які так уразіў мяне, Таццяна чытала менавіта ў межах такога мерапрыемства. Чытала амаль праз сорак год пасля таго, як рабіла гэта ўпершыню для мамы, чыё меркаванне было ёй надзвычай патрэбнае. На жаль, сёлета яе мамы не стала. І таму юбілейны спектакль Таццяны Ліхачовай глядач зможа паглядзець толькі ў снежні. Таццяна вельмі верыла, што матуля будзе побач з ёй на яе свята, але Бог распарадзіўся іначай і забраў сонечнага чалавека да сябе раней.
На наступны дзень Таццяна зноў завітала да нас: “Я прыйшла сказаць, што лёс усё роўна падрыхтаваў мне і падарункі. На дзень нараджэння я еду на фестываль ў Растоў-на-Доне, а гэта значыць, што старасць не заспее мяне дома. А здымкі ў фільме пра Шагала рэжысёра Аляксандра Мітты – хіба гэта не радасць?”
Сапраўды, хіба гэта не радасць? Ведаеце, Таццяна распавяла, як некалі студэнткай здолела абсалютна бясплатна даляцець на самалёце з Мінску ў Полацк, дзякуючы свайму акцёрскаму таленту. Тады адзін з пілотаў адчыніў люк і высунуў у ілюмінатар Таніну руку. Рука патанула ў аблоках, а пілот сказаў: “Цяпер можаш усім казаць, што кранала аблокі!..” Хіба гэта – не радасць?
Как хочется тепла и ласки,
как жду я много яркой краски
во всём – в душе, земле и небе –
и днём, и ночью,
а во сне
цветной коктейль я пью.
В ненастье
цветным дождём встречаю день.
Калейдоскопом жизнь несётся
средь замечательных людей!