“Нататкі вар’ята” – на лялечнай сцэне

У аўторак, 25 верасня (а 18-й), на сцэне Беларускага тэтара “Лялька” ўпершыню пакажуць спектакль “Нататкі вар’ята” па аднайменнай аповесці Мікалая Гогаля.

У рэпертуары віцебскіх лялечнікаў гэта ўжо будзе пяты спекткль для дарослых. Рэпетыцыі “Нататак вар’ята” ішлі з канца чэрвеня. У цэнтры гэтай фантасмагорыі – чалавек, які не вытрымлівае ціску хваравітага грамадства і губляе розум, а потым і ўвогуле жыццё.

Мастацкі кіраўнік тэатра “Лялька” Віктар Клімчук трымае інтрыгу аж да прэм’еры. Што гэта будзе за спектакль, журналісты на прэс-канферэнцыі так і не даведаліся. Віктар Ігнатавіч абмаляваў вельмі абагульненую карціну.

“Гэта будзе драматычны тэатр з лялькамі. Галоўны герой – тытулярны саветнік, яго прыніжаюць, яго давяць. І ў чалавека паехаў дах, ён трапляе ў вар’яцкі дом. Мы нешта прыдумлялі, амаль два месяцы рэпеціравалі. Многае мянялі, штосьці кампазіцыйна перастаўлялі. У гэтым творы Гогаля няма драматургіі. І быў страх – пайсці і не выйсці, дужа ўглыбіўшыся ў тэму. Але нам не хацелася, каб усё адразу было зразумела. Актрыса там ездіць на каньках – гэта так яе бачыць герой. Ён гіперсексуальны, як усе людзі з адхіленнямі. Увогуле гэта сучасны чалавек з постмадэрнісцкім мысленнем.
Мы разбіраемся: чаму герой звар’яцеў, разглядаецца і сацыяльны план, і любоўны. І пры гэтым я не магу сказаць, што ён дакладна згубіў розум. Кожны ў гэтым спектаклі прачытае сваё. Мы, канешне, ніякіх алюзій не рабілі, але глядач павінен зразумець, што гэта можа адбыцца ў любы час, з любым чалавекам. Пры гэтым мне здаецца, што гэты спектакль не трэба таму, хто глядзіць серыялы”, – разважае Клімчук.

Галоўныя ролі ў “Нататках вар’ята выканаюць Яўген Гусеў (Аксенцій Іванавіч Папрышчын) і Вольга Лазебная (Сафі). У іншых ролях: Міхась Клімчук, Валерый Зімніцкі, Юрась Франкоў, Ганна Сцепанец.

Як распавёў “ННВ” Яўген Гусеў, рыхтуючыся сыграць гогалеўскага вар’ята, ён шмат чытаў псіхалагічнай і медыцынскай літаратуры на адпаведную тэматыку, глядзеў ролікі і фільмы пра паводзіны неадэкватных людзей.

Акрамя таго, у гэтым творчым сезоне калектыў “Лялькі” рыхтуе да пастаноўкі спектаклі “Воўк і казляняты”, “Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў”. У першым загучаць гітары – акустычная і электрычная, а ў другім спалучаць некалькі казак Уладзіміра Караткевіча. Цікава, што ў вядомай казцы пра ваўка будзе не сямёра, а толькі трое казлянят!

Новы сезон у “Ляльцы” адкрыюць у наступную нядзелю, 30 верасня.

У праграме ўрачыстасці:

11.00 – забаўляльная праграма для дзяцей

11.30 – казка для дзяцей “Кветачка-вясёлка” (перад пачаткам спектакля – канцэртная праграма)

18.15 – спектакль для дарослых “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка”

Пасля вячэрняга спектакля – узнагароджанне лепшых артыстаў па выніках мінулага сезона за выкананне мужчынскай, жаночай і эпізадычнай роляў.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ