“ННВ” пабывалі ў гасцях у палітвязня, актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі, які вечарам 26 верасня быў вызвалены з магілёўскай калоніі і зараз знаходзіцца дома ў Віцебску.
Калі сказаць, што ў сям’і Каваленкаў сёння вялікая радасць, гэта значыць нічога не сказаць. Дастаткова проста пабачыць вочы родных Сяргея – у іх столькі шчасця і гонару за яго, што ўсялякія словы проста лішнія.
На кухні нешта смажыцца, ідзе смачны пах – гэта завіхаецца спадарыня Лідзія. І хоць яна ноч не спала, але стараецца, нешта гатуе для любімага сына. Жонка Алена ласкава бярэ мужа за руку – і гэты жэст красамоўней за сто прызнанняў у каханні. Не адыходзіць ад таты Віка, якой крыху болей за годзік. Яна па-новаму знаёміцца з гэтым мужчынам, якога дагэтуль ведала па партрэту на мамінай майцы. А потым дзяўчо дастае з шафы навагоднюю мішуру і чапляе сабе на шыйку – дзіцё інтуітыўна зразумела, што ў хаце нейкая такая вялікая падзея, што нават Дзед Мароз адпачывае. А ў Валіка сёння двайное свята: і бацька нарэшце дома, і ў школу дазволілі не ісці!
Сам Сяргей апранае стылёвы паласаты швэдар, што падае жонка, у жарт б’е грушу, на якой трэніруецца сын, і кажа: “Во, бачыце, як схуднеў? Такі жывот у турме адгадаваў, у мяне ніколі ў жыцці такога не было. Зараз важу аж 91 кг! А быў 45”.
Сяргея літаральна разрываюць на часткі: і на ягоны, і на Аленін тэлефон звоняць і звоняць журналісты з розных, беларускіх і замежных, СМІ. Мы, мясцовыя, ужо сядзім ды цярпліва чакаем. Нарэшце, Сяргей прыходзіць да нас у пакой. Валік прымацоўвае бел-чырвона-белы сцяг на сваю клюшку. Бацька дапамагае і смяецца: “Ну, такога хакея яны яшчэ не бачылі…”. Я ўключаю дыктафон, і Сяргей адразу ж пераходзіць на іншы, сур’ёзны тон:
– Сяргей, што ты адчуў, калі пераступіў родны ганак?
– Уражанне, як быццам учора выйшаў з хаты, а сёння зайшоў. Нічога асабліва не змянілася. Змяніліся толькі дзеці – мае сонейкі, мае любіменькія. Хоць, па часе, я іх толькі два месяцы не бачыў: яны ж прыязджалі да мяне на спатканне. Я і жыў там дзеля іх – дзеля Вікі, Валіка, Лены. Іхнія імёны ў мяне нават на гадзінніку ёсць.
– Ва ўсім, што з табой адбылося: сцяг, ёлка, суд, галадоўкі, турма – было нешта важнае для цябе, нейкі жыццёвы ўрок?
– Усё, што робіцца, дае свой плён. Нават турма.
– І ў чым быў гэты плён?
– Плён? Плён… (задумваецца). Была прыцягнута ўвага да нашай барацьбы. У свеце ўбачылі, што мы змагаемся. І людзей гэта чапляе. Наша барацьба падштурхоўвае іншых людзей да барацьбы.
– Што было самым страшным, цяжкім на гэтым адрэзку твайго жыцця?
– Нічога страшнага не было. Хаця, калі я скажу, што мне там было добра, гэта будзе няпраўда. Момантамі было і сумна, і пагана на душы.
– Прыходзілі думкі: а можа, гэта ўсё дарма?
– Калі ты галадаеш, псіхалагічныя зрывы, канешне, бываюць. Пачуцці мяняюцца. Здаецца, што шмат чаго не мае сэнсу. Але ж гэта выпрабаванне… І ў выніку разумееш, што гэта проста пачуццёвая мана, і зноў працягваеш змагацца. Дарэчы, калі быў на галадоўцы, такіх думак – аб бессэнсоўнасці, не было. А калі выйшаў з яе, здавалася, што я сам сабе, сваёй ідэі здраджваю. Гэта быў дужа моцны разрыў, калі стаяў выбар: памерці ці быць з сям’ёй.
– Аб сваім учынку – сцяг на Раство – не шкадуеш?
– Канешне, не! (усміхаецца)
– Няўжо, і далей будзеш працягваць рабіць тое ж самае?
– Канешне, і далей будуць вывешвацца сцягі.
– А дзеля чаго ты гэта робіш?
– Я неяк, яшчэ да турмы, хадзіў на семінар, там выступаў паліттэхнолаг. І ён казаў рэчы, якія я і да яго інтуітыўна разумеў: што піяр-вобразам можа быць усё, што хочаш – прадпрыемства, чалавек, сцяг, герб, краіна, горад. Дык вось я ствараю піяр-вобраз нашага беларускага сцяга. Заадно, атрымліваецца, і сам сабе. І гэты піяр-вобраз патрэбна ўвесь час падтрымліваць. Пасля елкі я вывешваў сцягі на прыпынках, на дамах. І іншыя людзі таксама гэта робяць, не толькі я. Інакш кажучы, мы перманентна працуем на нашы нацыянальныя сімвалы. І хто больш працуе на гэту ідэю, той паказвае сябе як асоба. Улады спрабуюць выставіць нас вар’ятамі, дурнямі, але прыдзе час, і людзі ўбачаць, што, як і для чаго гэта рабілася.
– І ўсё ж, шчыра: найперш гэта піяр сцяга ці сябе самога?
– Калі я паўтары гады працаваў “у Міроне”, мяне наогул ніхто не ведаў. Дык на што я тады працаваў? А калі мяне ўжо пачалі затрымліваць, то, атрымліваецца, і я стаў ужо вядомым.
– У калоніі на цябе аказвалі ціск?
– Я быў у так званай “чырвонай зоне”. І там мяне праз некаторых спецыяльна навучаных людзей з ліку “зэкаў” спрабавалі ачарніць. Ачарніць мой аўтарытэт сярод зняволеных. І іншы раз даводзілася з гэтымі “зэкамі” разбірацца, тлумачыць ім папулярна, што яны трошкі памыляюцца. Двум я патлумачыў добра – больш яны не патрабавалі тлумачэнняў.
А ўвогуле, змяшчэнне ў “зону” – гэта ўжо ціск. З усімі наступствамі. Адны “зэкі” да цябе так ставяцца, іншыя – гэтак. Мне здавалася, што негатыў ішоў менавіта ад міліцыянтаў. Яны мне казалі: “Які ты палітык, ты ж баклан”. Так там называюць хуліганаў. А потым тыя ж самыя словы мне кажа “зэк”. І я разумеў, ад каго ідзе пасыл. А ўвогуле “палітычных” там паважаюць, прычым менавіта блатныя паважаюць. Можа, гэта камусьці і падасца дзікім…
– А як іншыя зняволеныя ўспрымалі, што ты сцяг на ёлку павесіў?
– Па-рознаму, як і тут, на волі. Хто казаў, ты дарма гэта зрабіў, а хто казаў: герой, малайчына. Аднак большасць падтрымлівала мяне, разумела і паважала. Падтрымка выражалася ў добрым слове, у тым, што хтосьці чымсьці падзеліцца, той жа гарбатай. Ды і проста яна была бачна па вачах, па міміцы чалавека.
– Як табе далася просьба аб памілаванні?
– Я напісаў на імя Лукашэнкі просьбу аб памілаванні і тры месяцы чакаў. Просьба была пустая, без пачуцця віны. Напісаў проста: “Прашу вас мяне памілаваць”. У мяне восем дзён пасля гэтага галава балела – так мне было не па сабе. Напісаў, бо яны мяне папрасілі гэта зрабіць. Каб быць з сям’ёй…
– А з чым ты звязваеш сваё раптоўнае вызваленне?
– З раніцы ў аўторак, 25 верасня, у калоніі быў апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроці. А пасля абеду нас (Сяргея Каваленку і Паўла Сырамалотава, які быў асуджаны за падпал будынка КДБ у Бабруйску – заўвага “ННВ”) ужо вызвалілі. Але мы сядзелі ў “транзітцы” і чакалі суткі, пакуль у калонію прыйдзе ліст з подпісам Лукашэнкі.
Я думаю, што сітуацыя ўжо падыходзіла да таго, каб мяне вызваліць. А тут яшчэ так паўздзейнічаў візіт пасланніка Папы Рымскага.
– Як прайшла ваша сустрэча з Клаўдыё Гуджэроці?
– Яго суправаджалі перакладчык і прадстаўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў з Мінску. Мы размаўлялі паўгадзіны. Я распавёў, як ездзіў па “псіхушках”, як з мяне спрабавалі зрабіць вар’ята. Клаўдыё Гуджэроці сказаў, што Папа Рымскі непакоіцца за нас, беларускіх палітвязняў. І моліцца за нас. Я папрасіў: памаліцеся за Беларусь, за маю сям’ю. Апостальскі нунцый абяцаў прыехаць да нас у госці сюды, у Віцебск. І перадаць асабіста маё прывітанне Папе, калі паедзе у Рым.
– А ў цябе самога якія зараз планы?
– Працаваць. Мяне заказчыца ўжо чакае 10 месяцаў, каб я далей працягваў рамонт яе кватэры. Ёй вельмі падабаецца, як я працую. Гуляць з дзецьмі буду, сына на хакей, на музыку вадзіць. Спраў хапае.
– Добрая жонка – гэта палова поспехаў мужчыны. Ты ўдзячны сваёй Алене, што гэтак разумее цябе, што чакае, што падтрымлівае?
– Так, канешне. Жонка – мая вучаніца. У мяне такая аналогія: калі раней ваяры біліся і гінулі, абараняючы замкавыя сцены сваіх гарадоў, то жанчыны выходзілі і замянялі мужыкоў. Так і мая жонка: калі мяне пасадзілі, учыніла ім тут бой. Яна вялікая малайчына.
***Сёння свята – Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга. Выпадковасць гэта ці не, але Сяргей Каваленка менавіта ў гэты дзень пакінуў крыж сваіх пакут і напоўніцу ўдыхнуў паветра волі.