Невядомае пра віцебскія музеі
У Вiцебскай абласной бiблiятэцы адбылася прэзентацыя кнiгi вядомага краязнаўцы, выкладчыка, кандыдата гістарычных навук Мiкалая Пiвавара “Музеi Вiцебска на пачатку ХХI ст.”.
Гэта манаграфія – вынік трохгадовай працы аўтара над праектам “Музеі Віцебска”. Яна выдадзена выдавецкім цэнтрам ВДУ імя П.Машэрава (2012) і прысвечана музеям Віцебска пачатку XXI стагоддзя.
У першую частку ўвайшоў гістарычны нарыс пра музейнае будаўніцтва ў Віцебску. Другая частка прадстаўляе сабой інфармацыю пра ўсе сучасныя музеі і экспазіцыі горада.
- Большасці гаражан вядома толькі некалькі буйных музеяў горада. У працэсе майго даследвання аказалася, што іх больш за 100, – паведаміў Мікалай Півавар. – Гэта як дзяржаўныя, так і ведамственныя музеі, якія знаходзяцца на прадпрыемствах, у школах, вучылішчах, універсітэтах.
Так, афіцыйна ў Віцебску ўсяго 5 музеяў. Але крапатлівая і настойлівая праца Мікалая Півавара даказвае зваротнае. Мала каму вядома, што на віцебскіх прадпрыемствах і ведамствах ёсць музеі мытні, ДАІ, кіно і нават музей станкоў (на прадпрыемстве “Вістан”).
У музеі ветакадэміі можна ўбачыць сапраўдны скелет слана, у анатамічным музеі ВГМУ – рэдкія з’явы анатоміі, а ў кулінарным музеі прафесійна-тэхнічнага ліцэя №2 – цуды кулінарнага мастацтва. У музеі Віцебскага аддзялення Нацыянальнага банка (ёсць і такі!) – прадстаўлена адзіная ў Віцебску калекцыя дакументаў, грашовых купюр, прадметаў банкаўскай справы, якія паведамяць пра гісторыю банкаўскай сістэмы.
Ці можна ўсе гэтыя экспазіцыі прылічыць да сучасных віцебскіх музеяў? Вырашаць навукоўцам. Аднак аўтар перакананы, што ўсе яны “з’яўляюцца нашым залатым фондам і найлепшай скарбніцай ведаў пра Віцебск – пра яго гісторыю, прыроду, розныя сферы дзейнасці грамадзян”.
Кніга карысна яшчэ і тым, што ў ёй ёсць адрасы, тэлефоны музеяў, па якіх можна звязацца з імі і дамовіцца пра наведванне.
Які быў першы музей Віцебска, хто яго стварыў, якія перспектывы развіцця сучасных віцебскіх музеяў – на гэтыя пытанні таксама адказвае краязнаўца ў сваёй манаграфіі. Па інфармацыі Мікалая Півавара, першыя музейныя зборы з’явіліся ў нашым горадзе ў ХVI стагоддзі пры манастырах і ў езуіцкім калегіўме. Адзін з першых музеяў меў купец Іаан Сабольнікаў (1763-1838). У кнігу ўвайшлі фотаздымкі асоб, якія аказалі ўплыў на развіццё музейнай справы – А.П. Сапунова, І.Д. Галькевіча, А.І. Дзянісёнка і інш.
Кніга выйшла невялікім накладам – 150 асобнікаў, але плануецца, што некалькі з іх усё ж такі трапяць у крамы Віцебска. Кніга будзе цікавай як навукоўцам, так і шырокай аўдыторыі, турыстам і гасцям горада.