Віцебскія тэатры трапілі ў шорт-ліст прэтэндэнтаў на атрыманне II Нацыянальнай тэатральнай прэміі
З 12 па 18 лістапада на розных тэатральных пляцоўках Мінска будуць ісці спектаклі намінантаў, вылучаных на атрыманне II Нацыянальнай тэатральнай прэміі. У шорт-ліст прэтэндэнтаў трапілі і два віцебскіх калектывы – драмтэатр імя Я.Коласа і тэатр “Лялька”.
Коласаўцы пакажуць спектакль "Леаніды не вернуцца на зямлю" (рэжысёр Міхась Краснабаеў), а лялечнікі прадставяць пастаноўку “Прынцэса і Свінапас” (рэжысёр Віктар Клімчук).
Канкурэнтамі для нашых калектываў стануць: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Драматычны тэатр беларускай арміі, Сучасны мастацкі тэатр "Віртуозы сцэны", Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, Гродзенскі абласны тэатр лялек, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, Брэсцкі тэатр драмы і музыкі імя Ленінскага камсамола Беларусі, Гомельскі абласны драматычны тэатр.
Журы вызначаць пераможцаў у 10 намінацыях: "Лепшы спектакль", "Лепшы спектакль тэатра лялек", "Лепшы спектакль для дзяцей", "Лепшая рэжысёрская работа", "Лепшая жаночая роля", "Лепшая мужчынская роля", "Лепшая праца мастака -пастаноўшчыка", "Лепшае музычнае афармленне спектакля ", "Лепшая праца харэографа-пастаноўшчыка", "Лепшая пастаноўка па твору сучаснага беларускага аўтара".
У 2011 годзе, падчас правядзення I Нацыянальнай тэатральнай прэміі, найбольшую колькасць узнагарод заваявала пастаноўка "Не мой" Алены Калюновай і Аляксандра Гарцуева па матывах аповесці Алеся Адамовіча "Нямко" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы – спектакль быў адзначаны адразу ў пяці намінацыях.