Сучасная польская фатаграфія ў Віцебску

Учора адразу ў двух віцебскіх музеях прайшлі вернісажы польскіх фотамастакоў.

Ратуша

Віцебскі абласны краязнаўчы музей сумесна з Польскім інстытутам у Мінску прапануюць выставу фотамастакоў з Акадэміі мастацтваў у Катавіцах.

Пяць аўтараў – выкладчыкаў Акадэміі – дэманструюць свой прафесіяналізм у розных напрамках сучаснай фатаграфіі. Ганна Лорэнц, Ганна Сельска, Пётр Мушалік, Кшыштаф Шэўчык і Вітольд Яцыкаў пры дапамозе фатаграфіі адлюстроўваюць свае погляды на свет, на чалавека і грамадства і жыццёвыя прыярытэты. Яны ў фотамастакоў зусім розныя, як і іх творчыя манеры, але тым і цікавая гэтая выстава.

Ганна Сельска, напрыклад, вельмі любіць падарожнічаць па ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Свае фотаздымкі яна зрабіла ў Літве, Эстоніі, Расіі, Польшчы і аб’яднала іх у адну серыю. Тэма серыі чорна-белых фатаграфій Кшыштафа Шэўчыка – чалавек і яго сацыяльнае асяроддзе. Ганна Лорэнц здымае пейзаж, Вітольд Яцыкаў – аголеную натуру. Пётр Мушалік робіць цікавыя вялікафарматныя чорна-белыя фотапрацы са старых негатываў плёнкавых фотаапаратаў.

Гэтая выстава ўжо прадстаўлялася ў Цэнтры сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

Арт-цэнтр

У Арт-цэнтры Марка Шагала прадстаўлена персанальная выстава Пятра Мушаліка – фотамастака, які ўзначальвае майстэрню фатаграфіі Катавіцкай акадэміі мастацтваў.

Экспазіцыя пад назвай "Vanitas" (з лацінскай мітусня) – цыкл вялікафарматных фатаграфій, выкананых аўтарам на традыцыйных клішэ ў 1960-1970-х гадах. У яго ўвайшлі работы, якія Пётр здымаў у сваёй майстэрні. Свае вобразы мастак знаходзіць у штодзённым жыцці – гэта кветкі, яблыкі і іншая садавіна, краявіды, якія знаходзяцца вакол яго хаты.

Па словах аўтара, ён не любіць выходзіць далёка ад дома. Яго ўражлівае вока бачыць непаўторную форму і незвычайную натуру ў звычайных рэчах.

А крытыкі знаходзяць у работах Пятра Мушаліка метафары на тэму жыцця, роздумы пра яго хуткацечнасць, эксперымент над фатаграфаванай матэрыяй.

Выстава раней дэманстравалася ў Акадэміі маcтацтваў у Мінску.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ