“Пагоня” на выставе нацыянальных культур

“І ў сэрцы, і ў творах – Радзіма” – так называецца выстава, якая праходзіць зараз у Віцебскім абласным цэнтры народнай творчасці. На ёй прадстаўлена творчасць прадстаўнікоў розных нацыянальных дыяспар, якія жывуць на тэрыторыі Віцебшчыны.

Цэнтральным у экспазіцыі з’яўляецца вялізнае пано “Вянок садружнасці”, выкананы майстрамі народнага клуба лапікавага шыцця “Рошва” Полацкага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур. Гэта калектыўная праца. Лістота сімвалічнага дрэва – гэта нацыянальнасці, якія жывуць у Беларусі. Тут шведы, і чэхі, і сербы, і японцы, і гагаўзы, і карэлы-пермякі, і караімы, і курды, і эскімосы…

Першае, што выхоплівае вока на гэтым шыкоўным пано, гэта, канешне ж, “Пагоня”. Сапраўдны гістарычны беларускі герб.

Са сваім “Вянком садружнасці” полацкія майстрыхі ўдзельнічалі ў рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне.

У дзвюх выставачных залах можна ўбачыць творы, зробленыя рукамі беларусаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў, татараў, грузінаў, азербайджанцаў, башкіраў. Так, казахскія галаўныя ўборы, падораныя паслом гэтай усходняй краіны, суседнічаюць на выставе з вышыўкай, якую зрабіла майстрыха-ўкраінка. Саламяная беларуская калядная каза стаіць побач з рускімі матрошкамі. А мужчынскі азербайджанскі касцюм – паблізу з вышываным рушніком, на якім змешчана галоўная праваслаўная малітва “Ойча наш”.

Падобны праект Віцебскі абласны цэнтр народнай творчасці ладзіць упершыню.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ