У Віцебску адбудуцца “Касіны” – самы доўгі танцавальны вечар бальнага сезона

Клуб культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” дае чарговы баль - “Касіны”. Яны адбудуцца ў Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” 1 снежня (пачатак а 17-й).

Доўгія зімовыя вечары былі адмыслова створаныя для таго, каб танчыць. І таму на гэты раз “Касіны” будуць самым працяглым балем сезона. У праграме прадугледжаны 23 танцы, сярод якіх сустрэнуцца як даўно вядомыя і любімыя ўсімі кантрадансы “Вальс герцага Кенцкага”, “Галандскі шкіпер”, “Кембрыджскі вальс”, так і “навінкі” сезона: кадрыль “Этрурыя”, кантраданс “Герцаг Пёрцкі” і г.д. Адкрыецца баль не традыцыйным Гранд-маршам, а загадкавым кантрадансам “Пачатак кахання”.

У перапынках паміж танцамі гасцей балю чакае чайны салон, які сагрэе духмянай гарбатай, і гульнявы салон, які захопіць вірам разнастайных гульняў, такіх, як “Да бою”, “Канатаходзец”. Аздобай гульнявога салона будзе нядаўна адноўленая гульня “Бірулькі”.

Падчас перапынку можна будзе абмеркаваць навіны, падзяліцца ўражаннямі, запрасіць на танец. Прэса пачатку ХІХ стагоддзя дапаможа сарыентавацца ў тагачасных падзеях, а французскія часопісы мод дапамогуць вызначыцца з новымі павевамі ў модзе.

"Касіны" - утульны танцавальны вечар, які выратуе шаноўных паненак і паноў ад зімовай журботы. Няма нічога лепш, як правесці змрочны самотны час сярод сяброў, кружачыся ў імклівых танцах.

Запрашаем на “Касіны”! Азірніцеся ў ХІХ стагодддзе!

Праект “Шляхецкі баль” існуе 5 гадоў. Першы баль адбыўся ў снежні 2008 года і быў прысвечаны сярэднявеччу. З цягам часу гістарычная і часавая прастора праекта пашырылася. У дадзены момант перавага аддаецца бальнай і дасугавай культуры шляхты Вялікага Княства Літоўскага пачатку ХІХ стагоддзя.

У падрыхтоўцы праекта занятыя клуб гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” і маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”. Наша асноўная мэта — вывучэнне танцаў эпохі сярэднявечча, Адраджэння, ХІХ стагоддзя, беларускіх народных танцаў; адаптацыя старажытнай танцавальнай культуры да сучасных традыцый.

Каардынатары праекта “Шляхецкі баль”— Хрысціна Бондарава, Эла Петрачэнка. Мастак — Фёкла Кухто.

Даведкі па тэлефонах: (029) 716-75-70 (Эла), (029) 518-12-62 (Хрысціна).
Старонка Вконтакте: http://vk.com/vitebskbal

Меткі: ,

Чытайце яшчэ