Віцебскія аматары прыгожага пісьменства і спеваў учора атрымалі цудоўны падарунак – у абласной бібліятэцы прайшла сустрэча з беларускім паэтам і эсэістам Леанідам Дранько-Майсюком і паэтам, бардам Эдуардам Акуліным. Гэткай жа кампаніяй яны прыязджалі ў Віцебск і пяць год таму.
Дранько-Майсюка называюць “Дон-Жуанам беларускай літаратуры”: за тонкую пачуццёвасць у вершах, за адметны стыль, за ягоны лірычны гімн жанчыне.
Не так даўно паэт адзначыў сваё 50-годдзе. Таму, як пажартаваў Акулін, ператварыўся ўжо ў “Дон-Кіхота”. Але, нягледзячы на змену “вобраза”, Леанід па-ранейшаму збірае паўнюткія залі прыхільніц сваёй творчасці. Так было ўчора і ў Віцебску: паслухаць яго прыйшлі пераважна адны жанчыны.
Л.Драньк-Майсюк прэзентаваў сваё апошняе па часе выданне – «Кнігу для спадарыні Эл» (выйшла два месяцы таму ў Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”). У зборнік увайшлі проза, п’еса і, канешне ж, цудоўныя вершы.
Літаратар разважаў на тэмы, досыць балючыя для беларускага мастацтва. “У нашым кіно, літаратуры, жывапісе сёння сурагат, яны існуюць у нейкім хаосе”, – адзначыў ён. І заўважыў, што ў нацыянальнай гісторыі існуе процьма добрых сюжэтаў для “Беларусьфільма”.
“Калі каралева Бона прыязджала ў Пінск, да яе заўсёды прывозілі каралеўскага мастака з Давыд-Гарадка - Алеся Навошу, які меў незвычайную мужчынскую прыгажосць. Легенда гэта ці не легенда, гістарычная праўда ці цудоўная паэтычная выдумка, але гэта такі сцэнарны ход для “Беларусьфільма” – каханне каралевы Боны да палескага мастака. Гэта быў бы такі прыгожы, такі цікавы, такі касцюмны фільм! І наша душа адпачыла б на нашай гісторыі, харастве нашай прыроды і псіхалогіі. І хоць на гадзіну-дзве мы забыліся б на тыя фільмы, што штодзень круцяць па ўсіх тэлеканалах. Акрамя таго, у нас можна здымаць фільмы пра Браніслава Тарашкевіча, пра братоў Луцкевічаў, пра Вацлава Ластоўскага, пра Янку Купалу. Нават пра Купалу ў нас няма фільма!..” – скрушана адзначыў паэт.
Песняра ўзгадаў і Акулін. Спачатку ён прэзентаваў літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень”, а потым праспяваў некалькі сваіх новых песень. І адну старую, неўміручую – “Янка Купала”. Гітарай, голасам і жартамі Эдуард так зачараваў жаночую аўдыторыю, што апладысменты для яго не сціхалі доўга…