Народные новости Витебска

Першы дзень зімы Віцебск сустрэў балем (фота + відэа)

1 снежня ў Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” прайшлі “Касіны” — самы доўгі танцавальны вечар бальнага сезона. Імпрэза была арганізаваная клубам культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа”.

Праграма вечарыны ўключала 23 танцы: 14 контр-дансаў, 3 вальсы, 2 катыльёны, 2 полькі, кадрыль і ландлер-алеманд. Акдрыў баль паказальны контр-данс “Пачатак кахання”.

Як заўсёды, у перапынках паміж танцамі гасцей балю чакалі чайны і гульнявы салоны. Аздобай гульнявога салона стала нядаўна адноўленая гульня “Бірулькі”.

Праект “Шляхецкі баль” існуе ўжо 5 гадоў. Першы баль адбыўся ў снежні 2008 года і быў прысвечаны сярэднявеччу. З цягам часу гістарычная і часавая прастора праекта пашырылася. У дадзены момант перавага аддаецца бальнай і дасугавай культуры шляхты Вялікага Княства Літоўскага пачатку ХІХ стагоддзя.

Закрыццё папярэдняга бальнага сезону адбылося ў траўні. Тады ў паркетнай зале Віцебскай абласной філармоніі прайшоў “Шляхецкі баль”, які быў прысвечаны 200-годдзю вайны 1812 года.

Суботняе мерапрыемства было арганізавана клубам культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа”, культурна-гістарычным комплексам “Залатое кола г. Віцебска “Дзвіна” і моладзевым грамадскім аб’яднаннем “Гісторыка”.