Народные новости Витебска

У газеты віцебскай дыяцэзіі з’явіўся свой сайт

Дарагія сябры! Спяшаюся падзяліцца з вамі радасцю. “Каталіцкі Веснік” можна чытаць ужо і ў Інтэрнэце. Дзякуючы працы нашай каманды, аўтараў і асабліва праграміста Вячаслава Барысенкі нам удалося стварыць паўнавартасны медыяпартал. На сайце вы знойдзеце цікавыя відэаматэрыялы, аўдыёперадачы, фотаздымкі і рэпартажы з месца падзей.

Адметнасцю электроннага Весніка з’яўляецца магчымасць у рэжыме рэальнага часу каментаваць артыкулы. Дарагія сябры, чытайце нас, глядзіце і слухайце па адрасе: catholiсnews.by. У раздзеле Аўдыё ёсць магчымасць паслухаць радыёперадачу з Віцебскага абласнога радыё “Слова да вернікаў”. Яе вядзе кс. Валерый Марціноўскі. Таксама хутка ўжо з’явіцца раздзел, дзе вы зможаце пачуць казанні айца-езуіта Станіслава Памыкалы. Раздзел Відэа змяшчае ў сабе перадачу “Вытокі” тэлекампаніі “Віцебск”, якая распавядае пра жыццё Віцебскай дыяцэзіі. Навінкай з’яўляецца праект “Веснік-відэа”. Гэта разнастайныя відэаролікі нашай уласнай вытворчасці на рэлігійную тэматыку.

На сайце catholiсnews.by мы змяшчаем анонсы бліжэйшых падзей, а таксама аналітычныя артыкулы. Гэтую рубрыку вядуць святары, студэнты і кожны, хто мае жаданне дзяліцца Добрай Весткай. Ужо распрацоўваецца блок інфармацыі, дзе кожны зможа змясціць свае просьбы аб малітве. У гэтых інтэнцыях будуць маліцца карыстальнікі партала па ўласнаму жаданню.

Партал catholiсnews.by створаны, каб несці Евангелле праз сучасныя сродкі інфармацыі. Кожны з вас можа прыняць у гэтым удзел. Чым вы можаце нам памагчы? Пішыце свае навіны, думкі, каментуйце артыкулы, дыскутуйце. Нам важны кожны голас і кожнае меркаванне! Ваш кампутар, планшэт ці смартфон можа зрабіцца амбонай, адкуль людзі пачуюць словы Евангелля. Разам мы зможам больш расказаць людзям пра Хрыста і Касцёл.

Цікава, што партал catholicnews.by нарадзіўся менавіта ў той дзень, калі быў створаны профіль Папы Бэнэдыкта XVI у “Твітэры” – сетцы мікраблогаў – 3 снежня. Як трапна выказваецца вядомы італьянскі журналіст кс. Антоніа Спадара, Папа абраў менавіта сацыяльную сетку, таму што сёння занадта мала проста перадаваць рэлігійнае пасланне, ім неабходна дзяліцца.

Дарагія сябры, давайце мы таксама будзем дзяліцца Евангеллем – гэтым жывым словам Бога. На адкрытай пляцоўцы, якім ёсць партал catholiсnews.by, знойдзецца месца для кожнага.

З нагоды блізкага Свята Божага Нараджэння жадаю вам радаснага настрою, згоды ў сем’ях і шчырага сяброўства. Няхай Новы 2013 год будзе шчаслівы для ўсіх вас, дарагія сябры. Хай нованароджаны Езус бласлаўляе ўсё вашае жыццё.

Галоўны рэдактар “Каталіцкага Весніка” кс. Віктар Місевіч