Паўночнае дэрбі з “Хімікам”
У віцебскім Палацы спорту сышліся дзве лядовыя дружыны Віцебшчыны – хакейны клуб “Віцебск” і наваполацкі “Хімік-СКА”. Апошні ў гэтай баталіі выйшаў пераможцам – 1:3.
Навапалачане былі вельмі блізкія да таго, каб абыграць гаспадароў усухую, але за некалькі секунд да фінальнай сірэны Арцём Каткавец знайшоў шчыліну ў варотах Андрэя Новікава, каб запіхнуць шайбу. У гэтай сустрэчы гледачы двойчы пабачылі выкананне булітаў. Праўда, ні адна з каманд у гэтых двубоях не здолела перайграць варатара суперніка.