Уладзіславу Бліну падарылі карціну

Традыцыйная перадкалядная прэс-канферэнцыя ў віцебскай дыяцэзіі сёння мела крыху незвычайны фармат – біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін атрымаў падарунак ад журналістаў.

Прэзентам стала карціна з выявай віцебскага касцёла ў гонар Езуса Міласэрнага, якую напісаў вядомы мастак Фелікс Гумен. Такі падарунак кіраўніку мясцовай дыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі зрабілі супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі “Віцебск”.

Біскуп Уладзіслаў Блін быў відавочна ўсцешаны дарункам. “Карціна будзе знаходзіцца ў маім працоўным кабінеце”, – з усмешкай паведаміў іерарх.

Напярэдадні Нараджэння Хрыстова біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін узначаліць святочнае набажэнства ў касцёле Езуса Міласэрнага (пачатак у 21.00). А 25 снежня ён паедзе ў вёску Ахрэмаўцы на Браслаўшчане – мясцовы касцёл асвечаны ў гонар Раства Хрыстова.

Найбліжэйшыя мерапрыемствы, якія правядуць каталіцкія вернікі ў Віцебску:

21 снежня, Мастацкі музей, 15.00 – выстава дзіцячай творчасці
27 снежня, касцёл Езуса Міласэрнага, 12.00 – калядная сустрэча людзей з абмежаванымі магчымасцямі
28 снежня, касцёл Езуса Міласэрнага, 13.00 – калядная сустрэча валанцёраў
6 студзеня, касцёл Святой Барбары, 13.30 – калядны канцэрт артыстаў Віцебскай абласной філармоніі “Слухай сэрцам”

Арганізатар гэтых імпрэз – дабрачыннае каталіцкае аб’яднанне “Карытас”.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ