Народные новости Витебска

Як Дзед Мароз з нячысцікамі пасябраваў: фотарэпартаж з навагодняга спектакля ў Коласаўскім тэатры

Дзед Мароз, аказваецца, можа сябраваць не толькі з рознымі там мілымі зайчыкамі, прыгожымі вавёрачкамі ды паслухмянымі дзеткамі, а нават з Бабай-Ягой, лесуном, кікімарай! Такія вось дзівосы пад Новы год адбываюцца на сцэне Коласаўскага тэатра.

Святочным падарункам для маленькіх гледачоў у “дарослым” тэатры стала музычная казка “Дзівосы ў навагоднім лесе” паводле твора расійскага драматурга Дзмітрыя Галубецкага. Для пастаноўкі ў Віцебску яе прапанавала артыстка, студэнтка 3 курса рэжысёрскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Цішкевіч. (Кіраўніком гэтага курса з’яўляецца дырэктар-мастацкі кіраўнік драмтэатра імя Я.Коласа, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка).

Кампанія нячысцікаў ў гэтым спектаклі іграе зусім нечаканую ролю – сяброў Дзяда Мароза. А зламыснікі тут – на першы погляд, смешныя і праставатыя на выгляд браканьеры Пятруха і Ванюха. Па-першае, яны не вераць, што Дзед Мароз чараўнік і што ён увогуле існуе. Па-другое, яны прыдумалі план: звязаць Мароза і прадаць яго на кірмашы разам з ёлачкай. І тут Дзеду на дапамогу прыходзяць лясныя нячысцікі: вызваляюць яго з палону, і свята ў навагоднім лесе ўсё ж такі адбываецца.

Пасля прагляду спектакля дзівосы не сканчаюцца – дзяцей і бацькоў запрашаюць у тэатральнае фае. Тут малеча з задавальненнем удзельнічае ў гульнях і дыскатэцы каля ёлачкі, а дарослыя цешацца са шчаслівых тварыкаў сваіх сыночкаў і дачушак.

Рэй каля ёлкі вядзе Зайчык (актрыса Анастасія Куржалава-Пінчук), а дапамагаюць яму вясёлы Лясун (Руслан Карнякоў), вельмі сімпатычная Кікімара (Юлія Чуліна), артыстычная Баба-Яга (Зінаіда Гурбо), перавыхаваныя “браканьеры” Ванюха з Пятрухам (Ягор Дзяюн, Уладзіслаў Жураўлёў) і, канешне ж, добры Дзядуля Мароз (Валянцін Цвяткоў) з чароўнай Снягуркай (Марына Пятрова).

Навагодняе свята для дзяцей у Коласаўкім тэатры будзе ісці 25, 29, 30 снежня. А потым ужо ў 2013 годзе – 4, 5, 8 і 9 студзеня.