Народные новости Витебска

На плошчы Перамогі ў Віцебску ўсталявалі ледзяныя скульптуры

Жыхары Віцебска любяць ледзяныя скульптуры і з задавальненнем з імі фатаграфуюцца. Фігуры, вырабленыя з лёду, з’яўляюцца на плошчы Перамогі ўжо пяты год запар дзякуючы працы студэнтаў розных навучальных устаноў нашага горада.

Сёлета на галоўнай плошчы Віцебска з’явіліся дзевяць скульптурных кампазіцый, якія падрыхтавалі каманды Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, аддзелаў адукацыі і культуры гарвыканкама.

У хрышчэнскія марозы віцяблян будуць радаваць скульптура самазадаволенага ката з рыбінай, некалькі птушак, залатыя рыбкі і нявызначаны таўстапуз. Таксама ў горадзе з’явіўся трэці параход, пабудаваны, мяркуючы па абрэвіятуры на грабным коле, мастацка-графічным факультэтам ВДУ. Не абышлося і без сімвала гэтага года — гэта тэма прадстаўленая скульптурай, якую рэдакцыя “ННВ” ўспрыняла, як вужыную каралеву, і фігурай кіеўскага князя Алега (калі меркаваць па выпаўзаючай з конскага чэрапа гадзюцы). Гэты гістарычны персанаж - найбольш манументальная ледзяная скульптура.

Традыцыйна матэрыял нарыхтоўвала Віцебская ЖКГ — на возеры Сосна супрацоўнікі гаспадаркі здабылі больш за 15 тон ледзяных глыбаў. На жаль, як і заўсёды, лёд мутны, што не лепшым чынам адбіваецца на скульптурах. Аднак сёлета ў некаторых ледзяшах замерзлі водарасці, што, напрыклад, у скульптурнай выяве залатых рыбак выглядае вельмі цікава.

Пераможцаў трэцяга адкрытага гарадскога конкурса ледзяных скульптураў вызначаць 19 студзеня ў 11:00. Журы ўзначаліць намеснік старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Шлома.