“Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Беларускі ПЭН-цэнтр абвясцілі пра пачатак прыёму твораў на конкурс маладых пісьменнікаў “Экслібрыс” імя Янкі Маўра. У 2013 годзе споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння вядомага дзіцячага пісьменніка. А таму сёлета тэмай конкурсу абраная дзіцячая літаратура.
Да разгляду конкурснага журы будуць прымацца творы для дзяцей у наступных жанрах: проза (апавяданні, казкі і г.д.), паэзія (вершы, байкі і г.д.), п’есы, тэксты песень, коміксы, пераклады замежных дзіцячых твораў на беларускую мову.
Асаблівая ўвага будзе нададзеная:
* творам для падлеткаў;
* творам, у якіх апісаны цікавы сучасны вобраз героя/гераіні;
* творам з надзвычай арыгінальным сюжэтам;
* творам у незвычайных для беларускай літаратуры жанрах: комікс, графічны раман і г.д.;
* творам, якія пераасэнсоўваюць сюжэты і герояў класічных дзіцячых твораў.
Узяць удзел у конкурсе могуць пісьменнікі, літаратурныя крытыкі і перакладчыкі не старэйшыя за 40 гадоў.
Журы конкурсу: Алена Масла, Людміла Рублеўская, Алесь Пашкевіч, Пятро Васючэнка, Серж Мінскевіч.
Тэксты на конкурс можна дасылаць да 1 жніўня 2013 года на адрас: sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста “Конкурс”. Канкурсант павінен указаць сваё імя, прозвішча, дату нараджэння, кантактныя нумары тэлефонаў і e-mail.
Па выніках літаратурнага конкурсу пройдзе вечарына ўзнагароджання. Творы пераможцаў будуць надрукаваныя ў часопісе “Дзеяслоў” і газеце “Літаратурная Беларусь”, а іх саміх запросяць на літаратурны пленэр. Найлепшыя творы, дасланыя на конкурс, могуць выйсці асобнай кнігай.