У Віцебску зноў гулялі ў “Жаніцьбу Цярэшкі”. Фотарэпартаж
25 студзеня ў Віцебску чарговы раз жанілі Цярэшку. У памяшканні “Залатога кола Віцебска “Дзвіна” прайшла калядная абрадавая гульня “Жаніцьба Цярэшкі”.
Жаніцьба Цярэшкі або проста Цярэшка — старажытная беларуская гульня, якая праходзіла вечарамі на калядах . Першапачатковай яе функцыяй было бліжэй пазнаёміць нежанатую моладзь, прымерыць на сябе ролю жанатых людзей. Сутнасць абраду — згуляць жартаўлівае вяселле з імітацыяй вясельных абрадаў, багаццем народных песень, танцаў і жартаў.
У XXI стагоддзі гульня захавалася толькі ў некалькіх раёнах Беларусі, найбольш вядомыя гульні ў Цярэшку — Лепельскага раёна. Аднак ужо другі год запар абрад вярнуўся і ў Віцебск.
Арганізатарам, як і летась, выступіла студэнцкае этнаграфічнае таварыства “Поўнач”, музычны акампанемент забяспечыў дудар Васіль Шкіндзер.