Віцебская харугва вярнулася ў родны горад

Першую ў Беларусі навуковую рэканструкцыю вялікай харугвы з Віцебска сярэдзіны XVII стагоддзя можна ўбачыць на выставе ў Духаўскім кругліку. Гэты і іншыя ўнікальныя экспанаты стварылі ўдзельнікі народнага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” Цэнтра культуры “Віцебск”.

Адноўлены сцяг – харугва аднаго з віцебскіх палкоў апалчэння, які абараняў горад падчас руска-польскай вайны 1654 года. Яна ўяўляла сабой прамавугольнае палотнішча памерам 2х2,5 м з шасцю палосамі блакітнага і жоўтага колераў, якія чаргуюцца. Падчас узяцця нашага горада сцяг захапілі маскоўскія войскі. Фізічна харугва не захавалася, і рэканструіравалі яе паводле «Отписка витебского воеводы В.П.Шереметьева, с приложением росписи знамен, взятых им в Витебске. 1654».

Вяртанню сцяга на радзіму папярэднічала вялізная праца, аб якой распавёў кіраўнік клуба “Варгенторн” Сяргей Бабенка: “Гэта харугва – наш гонар. За ўсім стаіць год навуковых даследаванняў і пяць месяцаў фізічнай працы. Каб аднавіць яе, нам давялося супрацоўнічаць са шведскімі музеямі і ўкраінскімі калегамі. У выніку атрымалася дакладная копія. Шаўковую тканіну, як у XVII стагоддзі, нам саткалі ўзбекскія майстры. А фарбавалі мы яе ўжо самастойна – на кнігах. Фарбавальнікі выкарыстоўваліся натуральныя. Так, для жоўтага колеру выкарыстоўвалі гранат. А шыў сцяг мужчына. Такім чынам, харугва – гэта нашы пот і кроў, бяссонныя ночы. Пры гэтым праца яшчэ не скончана: трэба даведацца, які малюнак быў на сцягу. Імаверна, гэта быў герб Віцебска».

Экспазіцыя таксама знаёміць з тагачаснай “модай” (два жаночыя строі – шляхетны і мяшчанскі, і два мужчынскія касцюмы – сармацкі ўбор і панцырнага шляхціча на турэцкі манер). Абутак, зброя, даспехі і амуніцыя – таксама з XVII стагоддзя. Адметна, што рэчы адноўлены менавіта па матэрыялах Віцебска.

“Усё, што вы тут бачыце, гэта не тое, што Сяргею Бабенку раптам захацелася зрабіць. Гэта гісторыя, якая з’яўлялася штодзённасцю 300 гадоў таму. У такіх вось кальчугах па Віцебску тады хадзілі ваяры, а ў такіх строях – мяшчанкі. І падэшвамі менавіта такіх вось чаравікоў яны тапталі нашу віцебскую зямлю. Звярніце ўвагу, з якой дакладнасцю адноўлены кожны прадмет на выставе! А рэканструкцыя харугвы – гэта ўвогуле ўнікальны выпадак у Беларусі. Магчыма, наконт яе аднаўлення будзе крытыка з боку Акадэміі навук. Але мы да гэтага гатовы: не крытыкуюць толькі таго, хто нічога не робіць. Увогуле XVII стагоддзе ў гісторыі нашай дзяржавы вельмі мала вывучана навукоўцамі. А менавіта ў той час быў закладзены падмурак беларускай народнасці, усяго таго, што і зараз захоўвае нашу нацыю, мову”, – адзначыў на прэзентацыі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі. І самакрытычна дадаў: “Хоць я зараз і размаўляю па-руску, але дзесьці мне за гэта сорамна…”.

Дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Глеб Савіцкі звярнуў ўвагу на тое, што рэканструктарская дзейнасць клуб “Варгенторн” дапамагае вывучыць гісторыю асобна ўзятага населенага пункта, канктрэтна Віцебска: “Да гэтага XVII стагоддзе, а тым больш такая вузкая, рэгіянальная тэматыка, былі слаба распрацаваны нашымі гісторыкамі”.

Выстава “Віцебская харугва” будзе працаваць у Духаўскім кругліку на працягу месяца, да 28 лютага.

Даведка “ННВ”: Гістарычнай рэканструкцыяй і эксперыментальнай археалогіяй клуб “Варгенторн” займаецца амаль 10 гадоў. У межах навуковага праекта “Віцебская харугва” ў 2011 годзе ён правёў выставу “Нататкі віцебскага шляхціча”, якая знаёміла з вобразам мясцовай знаці ў першай палове XVII стагоддзя. Сённяшняя выстава дэманструе рэканструкцыю матэрыяльнай культуры Віцебска ў 1600-1650 гады. У межах праекта “Віцебская харугва” плануецца выданне шэрага навукова-папулярных публікацый сумесна з мінскімі археолагамі.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ