У Віцебску каля плошчы Свабоды падчас акцыі "Хваля салідарнасці" сёння затрымалі двух актывістаў аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД).
Як паведамляе прэс-служба БХД, Стаса Лаўрэнава і Аляксея Кішчука затрымалі пасля таго, як яны вывесілі расцяжку "Свабоду палітвязням". Пасля іх завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там маладыя людзі будуць знаходзіцца да суда, які пройдзе ў панядзелак, 18 лютага. Дарэчы, аднаму з маладзёнаў, С.Лаўрэўнаву, сёння споўнілася 20 гадоў. Дзень нараджэння хлопец правядзе ў ізалятары.
З 13 лютага акцыя "Хваля салідарнасці" ў падтрымку палітвязняў БХД праходзіць штодзень у выглядзе марафона ў розных гарадах Беларусі. Актывісты ствараемай партыі распаўсюджваюць улёткі і плакаты з інфармацыяй пра палітвязняў па паштовых скрынях, раздаюць паштоўкі з просьбай падпісаць іх і пераслаць палітвязням, вывешваюць расцяжкі з заклікам да вызвалення палітзняволеных. Завершыцца марафон ў Дзень волі 25 сакавіка.