Банкамат для невідушчых усталявалі ў Віцебску
У Віцебску на рагу вуліц Кірава і Камсамольскай, каля аддзялення “Беларусбанка”, усталявалі банкамат для інвалідаў па зроку.
Карыстацца ім могуць татальна невідушчыя і людзі з частковай стратай зроку. А таксама астатнія гараджане, бо ад звычайных тэрміналаў гэты адрозніваецца толькі гняздом для навушнікаў ды буйным шрыфтам каманд на экране. Праз навушнікі невідушчы чалавек слухае пакрокавую інструкцыю, як карыстацца прыстасаваннем.
“Банкамат зручны. Ягоныя клавішы досыць вялікія, і таму тактыльна добра адчуваюцца. А сам тэрмінал пішчыць – па гэтым гуку я і знайшоў, дзе ён знаходзіцца. Навушнікі для яго таксама падыходзяць любыя: ці то ад плэера, ці то ад мабільніка”, – распавядае пра новы сервіс старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Дзмітрый Халадовіч.
Мінус банкамата ў тым, што ён дазваляе зрабіць толькі дзве аперацыі: праверыць свой рахунак ды зняць грошы.