Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін папрасіў Папу аб адстаўцы

Папа Бенедыкт XVI сёння, 25 лютага, задаволіў прашэнне біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна аб адстаўцы.

Адначасова Папа Рымскі прызначыў апостальскім адміністратарам Віцебскай дыяцэзіі ксяндза прэлата Францішка Кіселя, які да гэтага быў генеральным вікарыем дыяцэзіі, паведамляе сайт Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Прашэнне аб адстаўцы 59-гадовы Уладзіслаў Блін падаў згодна з канонам 401 §2 Кодэкса кананічнага права. У ім гаворыцца, што «дыяцэзіяльнаму біскупу, які па слабасці здароўя ці іншай важнай прычыне будзе не цалкам здольны выконваць свае абавязкі, настойліва прапануецца падаць просьбу аб адстаўцы».

Даведка “ННВ”: Біскуп Уладзіслаў Блін нарадзіўся 1954 г. у Польшчы. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1980 г. Праз дзевяць год прыехаў на Беларусь, гістарычную радзіму сваіх бацькоў. Быў пробашчам катэдральнага касцёла ў Магілёве. Заснаваў у гэтым горадзе Міжнародны экуменічны фестываль «Магутны Божа». Віцебскай дыяцэзіяй кіраваў 13 з паловай гадоў (з восені 1999 г).

Ксёндз Францішак Кісель нарадзіўся ў 1959 г. на Глыбоччыне. Атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1987 г. Пачаў служэнне ў Латвіі, потым працаваў ў Браславе і Полацку. У апошнім горадзе дзякуючы ягоным намаганням пабудаваны касцёл святога Андрэя Баболі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ