У Віцебску ў двары дамоў №33 і №35 па вуліцы Леніна пачаліся земляныя працы. Ужо некалькі дзён на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Віцебска капаюць земляны катлаван.
Як патлумачылі рабочыя, якія працуюць на аб’екце, тут будзе пабудаваны чарговы гандлёва-адміністрацыйны цэнтр. Новы будынак, па іх словах, павіны прыбудаваць да дома №33а, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XIX стагоддзя.
На час візіта карэспандэнта “ННВ” на будоўлі не было пашпарта аб’екта, што ўжо, падобна, робіцца традыцыяй у паўночнай сталіцы Беларусі, калі справа тычыцца гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Такім чынам, цяжка зразумець, хто тут працуе, і можна толькі здагадвацца, як будзе выглядаць новы будынак. А згадваючы лёс дома №3б па вуліцы Леніна (таксама помнік архітэктуры канца XIX — пачатку XX стагоддзя), нікога не здзівіць з’яўленне насупраць ратушы тыповага беларускага псеўдахайтэка.
Зноў жа, як гэта было ў 2011 годзе пры пракладцы ў гэтым месцы каналізацыі для ПУП “МегаЕўратэкс, земляныя працы на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Віцебска, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь 2-й катэгорыі (аб’ект рэспубліканскага значэння), вядуцца без назірання археолагаў.
На дадзены момант побач з домам №35 па вуліцы Леніна, непасрэдна ля яго падмуркаў, выкапаны катлаван, які падаўжаецца ў бок Віцьбы. Друз, які выламваецца пры дапамозе гідраўлічнага молата, экскаватарам грузіцца ў самазвал, які звозіць яго ў вялізную кучу непадалёк.