Сяргей Рублеўскі атрымаў прэмію «Гліняны Вялес»
Сёння стала вядома імя пераможцы штогадовай недзяржаўнай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2012 год – ім стаў вядомы беларускі літаратар, жыхар Віцебска Сяргей Рублеўскі.
“Глінянага Вялеса” Рублеўскаму прынёс зборнік эсэ і мініяцюр «Паспець надыхацца», які пабачыў свет у сталічным выдавецтве “Медысонт”. Імя пераможцы абвясціў каардынатар “Таварыства Вольных Літаратараў” (ТВЛ), якое штогод уручае гэтую прэмію, полацкі літаратар Алесь Аркуш. “Паспець надыхацца” – сёмая па ліку кніга ў бібліяграфіі віцебскага празаіка. Ганаровая цырымонія ўручэння прэміі мусіць адбыцца вясной у Полацку.
“Зараз мы жывём у часе стэрэатыпаў і трэндаў. Цяпер, калі ідуць дыскусіі адносна кніжак, якія вылучаюцца на прэміі, фігуруюць проста імёны, трэнды. Гэта імёны, раскручаныя праз інтэрнэт, масмедыя. І часам людзі, якія выказваюцца і галасуюць, нават не чыталі гэтых пісьменнікаў. Сяргей Рублеўскі – рэгіянальны літаратар, нетрэндавы, але проза якога надзвычай шчырая, традыцыйна беларуская ў добрым сэнсе гэтага слова”, – патлумачыў выбар ТВЛ Алесь Аркуш.
Сёлета ў шорт-ліст «Глінянага Вялеса», акрамя кнігі-пераможцы, таксама ўваходзілі выданні: Эдуард Акулін, «Малітва воч»; Леанід Галубовіч, «З гэтага свету»; Юрый Станкевіч, «Шал»; Андрэй Федарэнка, «Ланцуг».
«Гліняны Вялес» адзначае досыць сур’ёзны юбілей – 20-годдзе. Сваю прэстыжную літаратурную прэмію ТВЛ пачало ўручаць з 1993 года. У 2010 годзе “ННВ” наведалі цырымонію, калі глінянага стода мастацтва атрымаў Віктар Казько.
Рэдакцыя “Народных навін Віцебска” віншуе Сяргея Рублеўскага з атрыманнем прэміі, зычыць яму не менш яскравых творчых здабыткаў і спадзяецца трапіць у Полацк на “вялесаванне”.