Віцебскай епархіі БПЦ рэкамендавалі адшукаць грошы на кансервацыю будынка былога манастыра базылян у Оршы
Мастак Мікола Купава атрымаў адказы з Аршанскага гарвыканкама і ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама на свой адкрыты ліст адносна лёсу архітэктурнага помніка XVIII стагоддзя — будынка Базылянскага кляштара ў Оршы, які “Народныя навіны Віцебска” апублікавалі ў канцы студзеня.
Мастаку паведамляюць, што з 2006 года ўладальнікам будынка з’яўляецца Віцебская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, таму, згодна з заканадаўствам, на яе ўскладаюцца абавязкі па ўтрыманні гісторыка-культурнай каштоўнасці ў належным стане. 30 студзеня 2012 года на чарговым пасяджэнні аршанскага гарвыканкама абмяркоўваўся стан помніка. У выніку ўласніку было зазначана аб нездавальняючай рабоце па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” на працягу 2006 — 2011 гадоў, аршанскія чыноўнікі рэкамендавалі Віцебскай епархіі адшукаць грошы на правядзенне прац па кансервацыі будынка былога манастыра базылян у Оршы.
Згодна адказаў абедзвюх інстанцый 27 лютага 2012 года на аб’ект быў прызначаны новы навуковы кіраўнік — дырэктар прыватнага прадпрыемства “Прыватная майстэрня архітэктара Лук’янчыка М. І.” Мікалай Лук’янчык. Зараз па аб’екце “Былы манастыр базылян у г. Орша” вядуцца праектныя працы.
У лістах адзначаецца, што ў 2012 годзе супрацоўнікі ўстаноў культуры і аддзела культуры аршанскага гарвыканкама сабралі і пералічылі на аднаўленне помніка 500 000 рублёў. Акрамя таго, вясной яны ўдзельнічалі ў суботніку на гэтым аб’екце, цытуем, “з мэтай аказання пасільнай дапамогі”.
На жаль, з гэтых дакументаў вынікае, што нейкія захады па выратаванні будынка Базылянскага кляштара ў Оршы выканаўчым камітэтам гэтага горада прадпрымаліся прыкладна год таму і насілі збольшага дэкларатыўны характар. З таго часу грамадскасць не назірае станоўчых зрухаў у паляпшэнні стану гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Што тычыцца грашовай дапамогі, то ў адказах чыноўнікаў паведамляецца, што яе можна пералічваць пры дапамозе наступных рэквізітаў: р/р 3015335456015, УНП 300986971, ААТ “Белінвестбанк”, г. Орша, вул. Леніна, 26а. Атрымальнік: прыход Свята-Пакроўскага храма г. Орша Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.