Народные новости Витебска

Помнік князю Альгерду ў Віцебску павінны ўсталяваць да лета

Помнік віцебскаму князю і Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду павінны ўсталяваць у Віцебску да 1 чэрвеня 2013 года — такія тэрміны акрэсленыя ў тэндэры на выраб і мантаж бронзавай скульптуры, які абвесціла Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка.

Згодна конкурсным дакументам падрадчык павінен з рабочай мадэлі Валерыя Магучага вырабіць мадэль у натуральную велічыню, адліць скульптуру ў бронзе, адліць бронзавую дошку з надпісам і выканаць транспарціроўку з мантажом помніка. Вышыня скульптуры, з улікам бронзавага аснавання, складзе 4,171 м, а даўжыня — 3,01 м. Арыентыровачная вага помніка — 4,5 тоны. На дошцы памерамі 50х60 см будзе наступны надпіс: “Князь віцебскі, Вялікі князь Літоўскі Альгерд (1296-1377 г.г.) — заснавальнік віцебскіх замкаў”.

Выраб і мантаж помніка, які павінны ўсталяваць на некалькі гадоў пустуючы пастамент ля дома №2 па вуліцы Талстога, ЖКГ аплаціць з уласных сродкаў. Адпаведна умоў тэндэра працы павінны быць выкананыя з 15 траўня па 1 чэрвеня 2013 года.

Нагадаем, што мэр Віцебска Віктар Нікалайкін яшчэ ў снежні мінулага года выказаў спадзяванні усталяваць помнік Альгерду да Дня горада ў чэрвені 2013 года. Пры гэтым ён адзначаў, што з вырабам манумента павінны дапамагчы спонсары. Акрамя таго старшыня гарвыканкама падкрэсліў, што больш ніякіх праектаў помнікаў іншым гістрачычным асобам у горадзе ў бліжэйшы час разглядацца не будуць.

Конкурс эскізаў помніка князю Альгерду адбыўся яшчэ вясной 2010 года, калі й перамог праект Валерыя Магучага. У 2011 года быў зроблены пастамент, аднак сама скульптура пакуль так і не з’явілася.